ГА́ЙНІК

(Epipactis),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўропы, Азіі, у Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца гайнікі: балотны (Epipactis palustris), расце на балотах, забалочаных лугах, у хмызняках; чамярыцападобны (Epipactis helleborine), расце ў хваёвых, лісцевых і мяшаных лясах; цёмна-чырвоны (Epipactis atrorubens), расце ў лісцевых і хваёвых лясах, рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м і моцным паўзучым або пакарочаным карэнішчам. Лісце чаргаванае, простае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае. Кветкі паніклыя, двухполыя, белыя, ружовыя, цёмна-чырв., зеленаватыя і інш. колеру, пераважна ў аднабокіх рыхлых і доўгіх гронках. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)