ГА́ЙНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр. ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)