ВАКУУММЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў вымярэння ціску разрэджаных газаў. Вымярэнні грунтуюцца на фіз. заканамернасцях, абумоўленых залежнасцю пэўнай фіз. велічыні (напр., цеплаправоднасці) ад ціску або шчыльнасці газаў. Поўны ціск газаў вымяраюць вакуумметрамі, парцыяльны ціск кампанентаў газавых сумесяў — мас-спектрометрамі.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,
атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЯ ЗБРО́Я,
боепрыпасы з выбуховым рэчывам аб’ёмна-дэтанацыйнага дзеяння. Прызначана для паражэння цэляў са складкамі мясцовасці, у збудаваннях адкрытага тыпу, мінных палёў. Утварае газападобнае або дробнадысперснае аэразольнае воблака значных памераў. Асн. паражальны фактар — ударная хваля, якая ўтвараецца пры падрыванні гэтага воблака (ціск у цэнтры воблака прыкладна ўтрая перавышае нармальны атмасферны). За зонай лішкавага ціску ўтвараецца працяглая зона разрэджання (адсюль назва).
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я , металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу пад вакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЯ ПЛА́ЎКА,
плаўка металаў і сплаваў у вакууме (звычайна пры 100—0,1 Па). Дае магчымасць ачысціць метал ад газаў, лятучых прымесяў, неметал. уключэнняў, таму гэты метад выкарыстоўваюць у вытв-сці металаў для асабліва адказных вырабаў. Ажыццяўляецца ў дугавых, індукцыйных, электронна-прамянёвых вакуумных пячах.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,
прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.
т. 3, с. 466
ВА́КУУМНАЯ ТЭ́ХНІКА,
апаратура, прызначаная для стварэння, падтрымання, выкарыстання і вымярэння вакууму. Да вакуумнай тэхнікі адносяцца металічныя (часам шкляныя) вакуумныя ўстаноўкі (рабочыя камеры) з вакуумнымі помпамі; вакуумная арматура (клапаны, вентылі, краны, засаўкі, нацякальнікі і інш.); сродкі вымярэння ціску (вакуумметры), цечашукальнікі (заснаваныя на выяўленні пробных рэчываў).
Устаноўкі абсталёўваюць таксама вакуумнымі пячамі, вакуумфільтрамі, электрычнымі, электроннымі і інш. прыладамі. Вял. значэнне ў вакуумнай тэхніцы маюць вакуумна-шчыльныя злучэнні (раздымныя, паяныя, зварныя). Вакуумная тэхніка шырока выкарыстоўваецца ў электроніцы (напр., вакуумная напыляльная тэхніка), фізіцы цвёрдага цела і плазмы, ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, металургіі (гл. Вакуумная металургія), розных тэхнал. працэсах (пры вакуумаванні бетону, сталі і матэрыялаў, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, нанясенні на вырабы вакуумных пакрыццяў, зварцы і пайцы металаў, сушцы метадам сублімацыі тэрмаадчувальных рэчываў, атрыманні звышчыстых матэрыялаў і інш.). У вял. вакуумных камерах імітуюць умовы касм. прасторы.
Літ.:
Розанов Л.Н. Вакуумная техника. М., 1982;
Кузьмин В.В., Левина Л.Е., Творогов И.В. Вакуумметрическая аппаратура техники высокого вакуума и течеискания. М., 1984.
У.М.Сацута.
т. 3, с. 466
ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнай дугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл. дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл. дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
т. 3, с. 465
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33·10-1 — 1,33·10-5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
М.І.Дудо.
т. 3, с. 466