Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАДАЦЁК,

водны паток, які цячэ ў напрамку нахілу зямной паверхні па рэчышчы паміж выразнымі берагамі. Бывае натуральны (рака, ручай) і штучны (канал), пастаянны (цячэнне круглы год) і часовы (перасыхае, прамярзае).

т. 3, с. 436

«ВА́ДВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася каля 20 родаў, у т. л. Адамовічы, Анцэвічы, Барэйшы, Мантыгердавічы, Нарушэвічы, Станкевічы. Шчыт герба вертыкальна падзелены на 2 часткі, дзе змешчаны выявы белай стронгі ў чырв. полі і чырвонай — у белым. Клейнод над прылбіцай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 3, с. 436

Ваджпаі Атал Біхары

т. 18, кн. 1, с. 359

ВА́ДЗІ,

гл. Уэд.

т. 3, с. 436

ВАДЗІ́М

(Vadim) Ражэ (сапр. Плямяннікаў Ражэ Вадзім; н. 26.1.1928, Парыж),

французскі сцэнарыст і кінарэжысёр. Па паходжанні рускі. Адзін з пачынальнікаў франц. «новай хвалі». Фільмы Вадзіма адкрыта эпатажныя сваім «вызваленым эратызмам» («І бог стварыў жанчыну», «Небяспечныя сувязі», «Барбарэла»). Адкрыў для кінематографа Б.Бардо, якая пазней выконвала гал. ролі ў шэрагу яго фільмаў, і многіх інш. кіназорак. Здымае фільмы ў ЗША («Верная жонка»). Аўтар аўтабіягр. кніг «Д’ябальскія мемуары» і «Тры мае жонкі. Бардо, Дэнёў, Фонда».

т. 3, с. 436

ВАДЗІ́НСКІ Дамінік Іванавіч

(н. 10.3.1921, с. Малая Саліха Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1970). Акадэмік Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў Вінніцкі пед. ін-т (1948). Працаваў у школе, Вінніцкім (1966—76) і Мінскім (1979—86) пед. ін-тах. Даследуе праблемы маралі, патрыят., сямейнага выхавання, пазакласнай і пазашкольнай работы, школазнаўства, педагогікі вышэйшай школы. Аўтар прац: «Пазакласная выхаваўчая работа» (1961), «Выхаванне цікавасці да ведаў у падлеткаў» (1963), «Навуковыя асновы маральнага выхавання школьнікаў» (1982), «Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый будучых педагогаў» (з А.А.Грымацем, 1993).

В.У.Чэчат.

т. 3, с. 436

ВА́ДЗІ-НАТРУ́Н,

Вадзі-эн-Натрун, тэктанічная ўпадзіна ў Егіпце, на З ад дэльты Ніла, на выш. 24 м ніжэй узр. м. Даўж. 40 км, шыр. 3—8 км. Дробныя салёныя азёры. Здабыча троны (араб. натрон — рэдкі мінерал).

т. 3, с. 436

ВА́ДЗІ-ТАРТА́Р,

наліўное вадасховішча ў Іраку, у міжрэччы Тыгра і Еўфрата. Напаўняецца водамі р. Тыгр. Створана ў 1957—76 для барацьбы з паводкамі і ірыгацыі. Пл. 3400 км², даўж. 100 км, аб’ём вады 85,5 км³.

т. 3, с. 436

ВА́ДЗІ-ЭЛЬ-АРА́БА,

старажытныя медныя руднікі ў аднайм. даліне-грабене ў Зах. Азіі, на мяжы Іарданіі і Ізраіля; вядомыя таксама пад назвай «Капальні цара Саламона». Адкрыты ў 1945, археолага-геал. даследаванне праводзілася з 1959. Пл. да 400 км². Асн. тып арудзянення — медзістыя пясчанікі. Каля 3000 стараж. распрацовак. Найб. раннія з іх належаць да меднага веку (4-е тыс. да н.э.), пазнейшыя — да пачатку н.э. (перыяд рымскага ўладарніцтва). Найб. актыўна эксплуатаваліся ў перыяд Новага Царства Стараж. Егіпта (14—11 ст. да н.э.). Асн. тыпы вырабатак — ствалы, штрэкі, штольні. Макс. глыб. шахтаў 36 м, даўж. штрэкаў каля 50 м і больш. Вядомы медзеплавільні з металургічнымі горнамі і інш.

т. 3, с. 436

ВАДЗЯНА́Я ГРЭ́ЧКА,

гл. ў арт. Драсён.

т. 3, с. 436