Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЮ́ХНЕР

(Büchner) Людвіг (29.1.1824, г. Дармштат, Германія — 1.5.1899),

нямецкі ўрач і філосаф, прыродазнавец, прадстаўнік вульгарнага матэрыялізму. З 1843 вывучаў медыцыну ў Гесене, Страсбуры, Вюрцбургу, Вене. У філасофіі Бюхнера зыходным было паняцце матэрыі, якая тоесная рэчыву і валодае шэрагам уласцівасцей. Свядомасць, на думку Бюхнера, — люстэркавае (пасіўнае) адлюстраванне рэчаіснасці і з’яўляецца прадуктам высокаарганізаванай матэрыі — мозга; да сукупнасці функцый мозга зводзіў усе духоўныя з’явы. Адмаўляў дыялектыку і сац. прыроду чалавека, падзяляў ідэі т.зв. сацыяльнага дарвінізму, адначасова абгрунтоўваў наяўнасць у жывёл грамадскай арг-цыі.

Тв.:

Рус. пер. — Природа и наука. Киев, 1881;

Психическая жизнь животных. СПб., 1902;

Сила и материя. СПб., 1907;

Дарвинизм и социализм. СПб., 1907.

т. 3, с. 390

БЮ́ШГЕНС Георгій Сяргеевіч

(н. 16.9.1916, Масква),

савецкі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1966), Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1940). З 1940 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це. Асн. працы па дынаміцы, устойлівасці, кіроўнасці і аэрадынаміцы самалётаў. Ленінская прэмія 1961.

т. 3, с. 391