Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРОМІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛА́ТА , раствор бромістага вадароду ў вадзе, HBr. Бясколерная вадкасць, якая пры захоўванні жаўцее (акісляецца з утварэннем брому), шчыльн. (65%-ны раствор) 1767,5 кг/м³. Моцная аднаасноўная кіслата, моцны аднаўляльнік. Солі броміставадароднай кіслаты — браміды. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 3, с. 259

БРО́МІСТЫ ВАДАРО́Д,

бромавадарод, злучэнне брому з вадародам (HBr). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tпл -86,9 °C, tкіп -66,7 °C, шчыльн. вадкага 2170 кг/м³ (-68 °C). Раствор HBr у вадзе — броміставадародная кіслата. Атрымліваюць бромісты вадарод узаемадзеяннем пары брому і вадароду пры t 500—550 °C (каталізатар плаціна). Выкарыстоўваюць для сінтэзу брамідаў, арган. бромвытворных. Бромісты вадарод таксічны; ГДК 10 мг/м³.

т. 3, с. 259

БРОН Анісім Міхайлавіч

(1.9.1895, г. Новамаскоўск, Украіна — 2.2.1975),

дырыжор. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю па класах фп. (1916) і кампазіцыі (1918). Дырыжор т-раў оперы і балета ў Тбілісі, Баку, Харкаве, Кіеве, Ленінградзе. У 1926—56 працаваў у Муз. т-ры імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве, узначальваў оперны ансамбль Усесаюзнага радыё, Ансамбль сав. оперы Усерас. тэатр. т-ва. У 1944—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова выкладаў у Бел. кансерваторыі. Муз. кіраўнік пастаноўкі бел. опер «Алеся» (1944) і «Міхась Падгорны» (1957) Я.Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947), а таксама опер «Кармэн» Ж.Бізэ (1945), «Травіята» (1946) і «Рыгалета» (1948) Дж.Вердзі.

т. 3, с. 259

БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,

баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.

Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).

т. 3, с. 259

БРОНЕТРАНСПАРЦЁР

(БТР),

баявая браніраваная колавая або гусенічная машына для перавозкі мотастралкоў (да 28 чал.), вядзення бою ці агнявой падтрымкі, а таксама для разведкі, аховы на маршы, патрулявання, сувязі. Спец. абсталяваныя бронетранспарцёры выкарыстоўваюцца для буксіроўкі гармат і мінамётаў, эвакуацыі параненых, перавозкі боепрыпасаў і інш. грузаў.

Узброены 20-мм аўтам. гарматай і кулямётам або двума кулямётамі, часам гранатамётам і процітанк. кіроўнымі ракетамі. Скорасць колавых бронетранспарцёраў да 110 км/гадз, запас ходу да 1000 км, гусенічных адпаведна да 75 і 400. Бронетранспарцёры часцей за ўсё плывучыя, прыстасаваныя для авіятранспартавання і дэсантавання, аснашчаны радыёстанцыямі, прыладамі для стральбы ноччу і інш. Ёсць на ўзбраенні многіх армій: у краінах СНД — плывучы колавы БТР-80, у ЗША — плывучы гусенічны М113, у ФРГ — плывучы колавы «Фукс» і інш.

т. 3, с. 259

БРО́НЗА

(франц. bronze),

1) у тэхніцы — сплаў на аснове медзі, у якім асн. дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і інш. элементы, за выключэннем цынку (яго сплаў з меддзю наз. латунь) і нікелю (медна-нікелевы сплаў). Адпаведна бронза называецца алавянай, алюмініевай і г.д. Бронза мае значную трываласць, пластычнасць, цвёрдасць, высокія антыкаразійныя і антыфрыкцыйныя ўласцівасці.

Алавяная бронза мае да 11% волава і невялікія дабаўкі цынку, свінцу, фосфару, нікелю. Вызначаецца малым каэф. трэння па сталі. З яе робяць рабочы слой падшыпнікаў слізгання і антыкаразійную арматуру. Алюмініевая бронза мае 11% алюмінію і дабаўкі жалеза, нікелю і марганцу, якія павялічваюць трываласць сплаву. Устойлівая да сернай і большасці арган. кіслот. З яе робяць стужкі, палосы на спружыны, пруткі, трубы і фасонныя адліўкі. Берыліевая бронза мае да 2,4% берылію. Ідзе на выраб мембран, спружын, кантактаў, шасцерняў. Крэмніевая бронза мае 1—3% крэмнію, а таксама нікель, цынк, свінец, марганец. Вызначаецца высокімі мех. характарыстыкамі, антыфрыкцыйнымі ўласцівасцямі, добра зварваецца, паяецца і апрацоўваецца рэзаннем. З яе робяць пруткі, стужкі, сеткі, рашоткі, электроды. Марганцавая бронза вызначаецца павышанай каразійнай устойлівасцю, гарачатрываласцю. Свінцовістая бронза можа мець да 60% свінцу. Ёю ўкрываюць (тонкім слоем) укладышы і ўтулкі, якія працуюць у рэжыме слізгання. Хромістая бронза вызначаецца высокай электра- і цеплаправоднасцю. Ідзе на выраб калектараў эл. рухавікоў, электродаў.

2) У мастацтве — адзін з найб. пашыраных матэрыялаў для дэкар.-прыкладных вырабаў і скульптуры. Ліццё з алавянай бронзы (сплаў медзі з волавам, часам з дадаткамі інш. металаў) дае магчымасць з макс. дакладнасцю ўзнаўляць найдрабнейшыя дэталі мадэлі. Добра паддаецца апрацоўцы (чаканцы, паліроўцы, таніроўцы). Матэрыял пластычна вельмі выразны, на паверхні скульптуры (манум., дэкар., станковай) стварае своеасаблівыя святлоценявыя эфекты. Пад дзеяннем атм. з’яў набывае спецыфічныя адценні (паціну).

Вырабы з бронзы вядомы ў мастацтве Месапатаміі (3-е тыс. да н.э.), Стараж. Егіпта (2-е тыс. да н.э.); час росквіту — эпоха італьян. Адраджэння. З 17 ст. маст. ліццё з бронзы пашырана ў Францыі. Вядомыя творы з бронзы ў бел. мастацтве: помнікі Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур), Я.Купалу (1972, А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), М.Багдановічу (1981, С.Вакар) у Мінску, Ф.Скарыне (1974, А.Глебаў) у Полацку, С.Буднаму (1980, С.Гарбунова) у Нясвіжы і інш.

т. 3, с. 260

БРО́НЗАВАЯ ХВАРО́БА,

тое, што Адысонава хвароба.

т. 3, с. 260

БРО́НЗАВЫ ВЕК,

перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр. Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр. Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр. Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).

На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл. Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.

Літ.:

Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1972;

Исаенко В.Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3. Памятники бронзового века. Мн., 1976;

История Европы: В 8 т. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988.

М.М.Крывальцэвіч, М.М.Чарняўскі.

т. 3, с. 260

БРО́НЗАВЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,

парода індыкоў, выведзеная ў 1930-я г. адборам бронзавых індыкоў па жывой масе і шыракагрудасці. Гадуюць 2 разнавіднасці, створаныя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Пашыраны ў ЗША і краінах Еўропы, у б. СССР завезены ў 1946. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых парод, ліній і гібрыдаў індыкоў.

Апярэнне птушак чорнае з бронзавым адлівам. Жывая маса самцоў 15—16, самак 8—9 кг. Яйцаноскасць у мацярынскіх лініях 70—90 яец. Маса яйца 80—90 г.

т. 3, с. 261

БРОНЗАГРАФІ́Т,

сітаваты антыфрыкцыйны матэрыял, спечаны на аснове алавяністай бронзы і графіту. Сітаватасці запоўнены мінер. або сінт. маслам. Атрымліваецца метадамі парашковай металургіі. Мае нізкі каэфіцыент трэння па сталі (0,04—0,06 без змазкі, 0,004—0,006 са змазкай), высокую зносаўстойлівасць, устойлівасць да павышаных скарасцей слізгання і ціску. Выкарыстоўваецца на выраб падшыпнікаў слізгання.

т. 3, с. 261