Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎДЫТО́РЫЯ (лац. auditorium). 1) памяшканне, прызначанае для чытання лекцый, дакладаў і інш. 2) Слухачы лекцыі, даклада; кантынгент спажыўцоў друку, радыё і тэлевізійнай інфармацыі, рэкламы.

т. 2, с. 85

АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ

(ад лац. audire чуць + ...метрыя),

акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.

В.А.Быстрэнін.

т. 2, с. 85

АЎЕ́ДА

(Oviedo),

горад на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах. Адм. цэнтр аўт. вобласці Астурыя і правінцыі Аўеда. Засн. пры кляштары, пабудаваным каля 780. 196,1 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Аванпорт на Біскайскім зал. — Хіхон. Цэнтр найбуйнейшага ў краіне вугальнага басейна, металургія, машынабудаванне (пераважна цяжкае), харч., тэкст., цэментная, керамічная, фармацэўтычная прам-сць. Арх. помнікі 8—18 ст. Ун-т. Археал. Музей.

т. 2, с. 86

АЎЕ́СКІ ХВАРО́БА,

несапраўднае шаленства, інфекцыйны бульбарны параліч, шалёная кароста, свербавая чума, вострая інфекцыйная вірусная хвароба жывёл. Выклікаецца фільтроўным вірусам. Характарызуецца пашкоджаннем ц. н. с., органаў дыхання, моцным свербам у месцы пранікнення ўзбуджальніка. Да аўескі хваробы ўспрыімлівыя свінні (пераважна парасяты-сысуны), буйн. раг. жывёла, козы, авечкі, сабакі, каты, лісы, пясцы, норкі і інш. Крыніца інфекцыі — хворая жывёла і вірусаносьбіты (найчасцей грызуны). На Беларусі аўескі хвароба здараецца ўсюды, пераважна ўвосень і ў пач. Зімы.

т. 2, с. 86

АЎКСАТРО́ФЫ

[ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],

арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.

т. 2, с. 86

АЎКСІ́НЫ,

прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.

У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.

т. 2, с. 86

АЎКЦЫЁН

[лац. auctio (auctionis)],

пачарговы публічны продаж тавараў, уладальнікам якіх становіцца пакупнік, што прапанаваў за іх самую высокую цану. Праводзяцца ў вызначаных месцах, па ўстаноўленых правілах спец. фірмамі, што працуюць на камісійных пачатках. Адрозніваюць аўкцыёны прымусовыя (паводле рашэння суд. органаў, каб спагнаць даўгі з неплацельшчыка) і добраахвотныя (арганізуюць уладальнікі тавараў для іх продажу). Традыцыйная форма міжнар. гандлю — міжнар. аўкцыён, дзе рэалізуюцца тавары пэўнай наменклатуры (воўна, футра, чай, тытунь, кветкі, коні, прадметы раскошы, антыкварыят, творы мастацтва і інш.). На аўкцыёнах прадаюць таксама канфіскаваную і безгаспадарную маёмасць, якая паводле права на спадчыну пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. На валютных аўкцыёнах ажыццяўляецца купля-продаж валюты праз упаўнаважаныя на гэта банкі.

т. 2, с. 86

АЎКШТА́ЙТЫ,

група балцкіх плямёнаў, якая вылучылася ў 1-м тыс. нашай эры на тэр. Літвы. Упершыню згадваюцца ў Дузбургскай хроніцы ў сувязі з падзеямі 1294—1300. У сярэднявеччы аўкштайтамі наз. паўд.-ўсх. плямёны літоўцаў у адрозненне ад заходніх — жэмайтаў. Цяпер аўкштайты — этнагр. група літоўцаў, якія жывуць пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Літоўскай Рэспублікі, гавораць на аўкштайцкім дыялекце літоўскай мовы. Гл. таксама Аўкштайція.

т. 2, с. 86

АЎКШТА́ЙЦІЯ,

гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш. гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял. кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснай Літ. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн. этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.

В.Л.Насевіч.

т. 2, с. 86

АЎЛАКАГЕ́Н

(ад грэч. aulax баразна + ...ген),

адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.

т. 2, с. 86