Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛАШЧА́НЕ,

валашане, сяляне, жыхары пэўнай воласці. У сярэднявеччы на Беларусі — сяляне-абшчыннікі пэўнай акругі з цэнтрам у пагосце (пастаялым двары) ці воласці (княжацкі ўдзел або дзярж. землі, што былі ў прыватным уладанні). У 14—16 ст. тэрмін «валашчане» ўжываўся для вызначэння насельніцтва воласці (у процілегласць гарадскому — мяшчанам). У 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. валашчане — сельскае насельніцтва адм.-тэр. адзінак — валасцей.

т. 3, с. 476

ВА́ЛБЖЫХ

(Wałbrzych),

горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц. Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.

т. 3, с. 476

ВАЛБЖЫ́ХСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Województwo Walbrzychskie),

на ПдЗ Польшчы. Пл. 4168 км². Нас. 740,5 тыс. чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц.г. Валбжых. На Пн і ПнУ тэрыторыі перадгор’і Судэтаў, на Пд і ПдЗ Сярэднія і Усх. Судэты (выш. да 1425 м, г. Снежнік) з гарамі Сове і Клодзскай катлавінай.

Сярэднія т-ры студз. ад -2 °C у катлавіне да -8 °C у гарах, ліп. адпаведна 17,5 °C і 16 °C, ападкаў ад 600 да 1200 мм (у гарах) за год. Рэкі — вярхоўі левых прытокаў Одры: Нысы Клодзскай, Быстшыцы, Алавы, Шлензы. Пад лесам 29,4% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл. кірунку. Развіты здабыча каменнага вугалю (у Ніжняшлёнскім бас. з 14 ст.), хім., маш.-буд. (горнае абсталяванне), харч. і інш. прам-сць. Прамысл. цэнтры: Валбжых, Свідніца, Дзяржонеў, Бялява, Клодзка і інш. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, бульбу, цукр. буракі, авёс, рапс. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Турызм. Курорты (Кудова-Здруй, Шчаўна-Здруй, Паланіца-Здруй і інш.).

т. 3, с. 476

ВАЛГАГРА́Д,

горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс. ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л. ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.

Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст. ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст. чыг., партовы і прамысл. цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял. Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.

т. 3, с. 476

ВАЛГАГРА́ДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Волга, у Валгаградскай і Саратаўскай абласцях Расійскай Федэрацыі. Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1958—61. Пл. 3117 км², аб’ём 31,5 км³, даўж. 540 км, макс. шыр. 17 км, глыб. да 40 м. Буйны заліў па даліне р. Еруслан. Суднаходства. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і арашэння, у мэтах адпачынку. На берагах Валгаградскага вадасховішча гарады Волжскі, Камышын, Саратаў.

т. 3, с. 477

ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ

(да 1961 Сталінградская вобласць),

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс. км². Нас. 2673,2 тыс. чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г. Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.

Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд. ч. Прыволжскага ўзв. (выш. да 358 м), паўн. ч. Ергені, паўд.-ўсх. ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.

Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.

П.І.Рогач.

т. 3, с. 477

ВАЛГАДО́НСК,

горад у Расійскай Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Засн. ў 1950. 190 тыс. ж. (1994). Порт на Цымлянскім вадасх. Чыг. станцыя. Машынабудаванне (энергет. абсталяванне, радыёапаратура), хім. (мыйныя сродкі і інш.), харч. (малочная, мясная, кансервавая) прам-сць. Краязнаўчы музей.

т. 3, с. 477

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

апошняе зледзяненне плейстацэну ў еўрап. ч. Расіі. Адбылося 80—11 тыс. г. назад. У пачатку зледзянення ледавік дасягаў макс. памераў і даходзіў да цяперашняга г. Цвер (ранневалдайская, калінінская, падпарожская стадыя), пасля чаго настала пацяпленне (сярэдневалдайскае, ленінградскае, манчалоўскае). У канцы валдайскага зледзянення ледавік зноў пашырыўся і падыходзіў да сучаснага Валдайскага ўзв. (познавалдайская, асташкаўская стадыі). Валдайскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, вюрмскаму зледзяненню ў Альпах, віскансінскаму ў Паўн. Амерыцы, вейхзельскаму, віслінскаму ў Зах. Еўропе.

т. 3, с. 478

ВАЛДА́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

Валдай, на ПнЗ Рускай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Водападзел вярхоўяў Волгі, Зах. Дзвіны і інш. Даўж. больш за 600 км, выш. да 343 м. Складаецца з марэнных градаў і ўзгоркаў (Ціхвінская града, Вепсаўскае ўзв.), якія ўзніклі на выступе карэнных парод (каменнавугальныя вапнякі, мергелі, гліны). Шмат азёр, у т. л. Селігер, Валдайскае, Верхняволжскія і інш. Моцна забалочанае. Хваёвыя лясы чаргуюцца з апрацаванымі палямі. Па паўд.-ўсх. ускраіне Валдайскага ўзвышша праходзіць мяжа валдайскага зледзянення.

т. 3, с. 478

ВАЛЕВАЧЫ́,

вёска ў Беларусі, у Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Чэрвень, 42 км ад Мінска, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 572 ж., 197 двароў (1995). Сярэдняя і муз. школы. Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 478