Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ,

падпарадкаванне эканам., паліт. і грамадскага жыцця краіны мэтам мілітарызму.

т. 10, с. 372

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен,прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т.л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.Ч.Лянькевіч, В.М.Пташнік.

т. 10, с. 372

МІЛІЦЫ́ЙНАЯ АРМІЯ,

1) армія, якая ствараецца на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы буд-ва ўзброеных сіл; у мірны час на службу прызываецца невял. колькасць кадравых ваеннаслужачых (пераважна камандны склад), а ваеннаабавязаныя, у т.л. радавы склад, якія прыпісаны да часцей (па месцы жыхарства), праходзяць ваен. навучанне паводле метаду пазавайсковай падрыхтоўкі і кароткатэрміновых вучэбных збораў.

Прататып М.а. — апалчэнні, якія існавалі ў шэрагу рабаўладальніцкіх дзяржаў (Сірыі, Егіпце, Урарту і інш.), пазней — сярэдневяковыя гар. апалчэнні шэрагу еўрап. краін (у ВКЛ мелі назву Паспалітае рушэнне), з 19 ст. нац. гвардыя ў Францыі і інш. У СССР у 1920—30 былі часці і злучэнні М.а., у т.л. на тэр. Беларусі 2-я Бел. дывізія, а таксама 16-ы стралк. корпус, 27, 29, 33, 37-я дывізіі Бел. ваен. акругі. З 1935 Узбр. Сілы СССР, у т.л. часці, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі, пераведзены на адзіную кадравую сістэму іх буд-ва, якая замацавана ў 1939 Законам аб усеагульным воінскім абавязку.

У сувязі са значнымі зменамі, якія адбыліся ў ваен. справе, класічны прынцып арганізацыі М.а. сёння практычна не выкарыстоўваецца. У некат. краінах М.а. (у ЗША — частка нац. гвардыі, у Вялікабрытаніі — войскі графстваў і інш.) з’яўляецца толькі дадаткам і рэзервам пастаяннай рэгулярнай кадравай арміі. Як асн. ваенная арг-цыя М.а. існуе толькі ў Швейцарыі (гл. таксама Тэрытарыяльныя войскі). У Рэспубліцы Беларусь камплектаванне арміі салдатамі і сяржантамі ажыццяўляецца ў асн. па тэрытарыяльнай, а ў пагран. і ўнутр. войсках — па экстэрытарыяльнай прыкмеце.

2) У пераносным сэнсе міліцыйныя злучэнні, часці і падраздзяленні. У пач. 1920-х г. існавалі ў Расіі (СССР) — 9 дывізій і адна міліцыйная брыгада, якія ў 1923 перафарміраваны ў тэр.-міліцыйныя дывізіі. У 1966 міліцыйныя часці адноўлены з мэтай нясення патрульна-паставой службы ў буйных гарадах, у т.л. ў Мінску (асобны спец. матарызаваны батальён міліцыі, з 1989 — полк, з 1993 — асобная міліцыйная брыгада). У 1990 на базе часцей 43-й канвойнай дывізіі сфарміраваны батальёны міліцыі ў абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі. У 1995 створаны корпус аховы грамадскага парадку, у склад якога ўвайшлі міліцыйныя і інш. часці (падраздзяленні) Унутр. войск.

І.М.Вяроўка, Р.Ч.Лянькевіч.

т. 10, с. 373

МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),

1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.

2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.

3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.

Г.А.Маслыка.

т. 10, с. 373

МІЛІЯРЫ́СІЙ (ад лац. miliarense тысячны),

1) познарымская сярэбраная манета 4—5 ст. (лігатурная маса 4,5 г).

2) Візантыйская сярэбраная манета 6—11 ст. (лігатурная маса 3—2,50 г). У каниы 10—1-й пал. 11 ст. невял. колькасць М. трапіла на рынкі Русі. На Беларусі трапляецца ў адзінкавых экзэмплярах у скарбах.

т. 10, с. 373

МІЛН ((Mline) Ален Александэр) (18.1.1882, Лондан —31.1.1956),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1903). Вядомасць прынеслі зб-кі вершаў і кнігі для дзяцей «Віні-Пух» (1926) і «Домік Пуха» (1928) пра лялечных звяркоў Віні-Пуха, Пятачка, Кенге і Ру. Аўтар камедый, у т.л. «Містэр Пім праходзіць міма» (1919), дэтэктыўнага рамана «Тайна чырвонага дома» (1922), кн. ўспамінаў «Зараз ужо вельмі позна» (1939) і інш. У 1984 Магілёўскі абл. т-р лялек паставіў п’есу «Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе».

Тв.:

Рус. пер. — Винни-Пух и все-все-все. Мн., 1995.

т. 10, с. 373

МІЛО́ЕВІЧ ((Milojević) Мілое) (28.10.1884, Бялград — 16.6.1946),

сербскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін са стваральнікаў сучаснай сербскай кампазітарскай школы. Вучань С.Мокраняца (кампазіцыя), З.Неедлы (музыказнаўства).’ Выкладаў у ун-це (1925—39) і Муз. акадэміі (з 1941 праф.) у Бялградзе. Стваральнік і кіраўнік вак.-інстр. ансамбляў педагогаў Сербскай муз. школы (1911) і ун-та (Collegium musicum, 1925), рэдактар час. «Muzika» (1928). У творчасці апіраўся на муз. фальклор. Сярод твораў: сімф. паэма «Смерць маці Юговічаў» (1921), лірычная сімфонія для голасу з арк. «Баль на лузе» (1939), уверцюра «Даніла і Сіманіда» (1913); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы, у т.л. «Мелодыі і рытмы Балкан», хары, рамансы. Аўтар муз.-тэарэт. прац пра Б.Сметану, Р.Вагнера, Р.Штрауса, Г.Малера, Мокраняца, сербскі муз. фальклор і інш.

т. 10, с. 373

МІЛО́ШАВІЧ (Слабадан) (н. 20.8.1941, г. Пажаравац, Сербія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1964). З 1966 у гар. адміністрацыі Бялграда, прам-сці і сістэме фінансаў, у т.л. старшыня Аб’яднанага банка Бялграда. З 1984 старшыня Бялградскага к-та Саюза камуністаў Югаславіі, з 1986 — чл. ЦК, Прэзідыума ЦК СКЮ, старшыня Прэзідыума ЦК Саюза камуністаў Сербіі. Заснавальнік і лідэр (з 1990) Сацыяліст. партыі Сербіі. Старшыня Прэзідыума (1989—90), прэзідэнт Сербіі (1990—95). Прэзідэнт Югаславіі (з 1996). Праводзіць палітыку ўмацавання дзярж. адзінства Югаславіі, узначальваў барацьбу супраць агрэсіі НАТО і бамбардзіровак Югаславіі (сак.чэрв. 1999).

І.А.Чарота.

С.Мілошавіч.

т. 10, с. 374

МІЛС ((Mills)Чарлз Райт) (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),

амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнне ваен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.

І.В.Катляроў.

т. 10, с. 374

МІЛУО́КІ (Milwaukee),

горад на Пн ЗША, у штаце Вісконсін. Каля 630 тыс. ж., з прыгарадамі 1,7 тыс. ж. (1998). Порт на воз. Мічыган, пры ўпадзенні р. Мілуокі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр маш.-буд. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць рухавікоў, станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, электраматораў, трансфарматараў, с.-г., дарожна-буд. машын, горнага абсталявання і інш. металаёмістай прадукцыі; аўтамаб. (вытв-сць вузлоў і дэталей), прыладабуд., ваенная прам-сць. Чорная і каляровая металургія. Хім., нафтахім., харчасмакавая, паліграф. прам-сць. 2 ун-ты, кансерваторыя.

т. 10, с. 374