МІЛІ́ЦЫЯ
(ад лац. militia войска),
1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Г.А.Маслыка.
т. 10, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)