Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЫНКУ́ШЫ, Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. Мастацтва.

т. 3, с. 277

БРЫ́НСКІ Антон Пятровіч

(10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.

т. 3, с. 277

БРЫ́СБЕН

(Brisbane),

горад на У Аўстраліі. Адм. ц. штата Квінсленд. Засн. ў 1824 як турэмная калонія. 1421,7 тыс. ж. (з Ю прыгарадамі; 1993). Порт на Ціхім ак. пры ўпадзенні р. Брысбен. Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандаль. Машынабудаванне, эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., ваен., мяса-агародніна-садавінакансервавая, цукр., тытунёвая, гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., папяровая прамсць Мясахаладабойні. Суднабудаванне. 2 ун-ты. Бат. сад. Марскі музей. Брысбенская каралеўская выстаўка.

т. 3, с. 277

БРЫСО́ (Brissot) Жак П’ер

(15.1.1754, г. Шартр, Францыя — 31.10.1793),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, лідэр жырандыстаў. З 1789 выдаваў газ. «Patriote Francais» («Французскі патрыёт»). У першы перыяд рэвалюцыі ўдзельнік Якабінскага клуба, выступаў супраць абсалютызму, за ўтварэнне рэспублікі. Быў абраны дэпутатам Заканадаўчага сходу, заклікаў пачаць рэв. вайну супраць еўрап. манархій (1791). Пасля звяржэння манархіі ў Францыі (1792) і прыходу жырандыстаў да ўлады патрабаваў спынення рэвалюцыі. У Канвенце ўзначаліў барацьбу жырандыстаў супраць якабінцаў і ў час якабінскай дыктатуры гільяцінаваны ў Парыжы.

т. 3, с. 277

БРЫ́СТАЛЬ, Брыстал (Bristol),

горад на ПдЗ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Эйван. 396,6 тыс. ж. (1992). Порт пры ўпадзенні р. Эйван у Брыстольскі зал. 2 аэрапорты. Чыгунка. Суднабудаванне, авіякасм. прам-сць (у прыгарадзе Філтан), каляровая металургія, папяровая, паліграф., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, шакаладная, піваварная, тытунёвая), хім., абутковая прам-сць. Каля Брысталя — нафтахім. комплекс Севернсайд. Музей і маст. галерэя. Цэнтр турызму. Ун-т. Арх. помнікі 12—19 ст.

Засн. каля 6 ст. З 12 ст. вядомы як буйны порт. У перыяд каланізацыі Паўн. Амерыкі і Вест-Індыі (17 — пач. 18 ст.) адзін з цэнтраў гандлю рабамі і калан. гандлю (цукар, тытунь і інш.).

т. 3, с. 277

БРЫСТО́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў

(Bristol Channel),

заліў Атлантычнага ак., каля паўд.-зах. берагоў Вялікабрытаніі. Уразаецца ў сушу на 230 км, шыр. каля ўвахода 126 км, глыб. да 50 м. Берагі моцна парэзаны. Прылівы паўсутачныя (да 14,4 м). Асн. парты: Брысталь (злучаны каналам з Лонданам), Кардыф, Ньюпарт (Вялікабрытанія).

т. 3, с. 278

«БРЫТА́НІКА»,

гл. Брытанская энцыклапедыя.

т. 3, с. 278

БРЫТА́НІЯ

(лац. Britannia),

адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).

т. 3, с. 278

БРЫТА́НСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лондане, нацыянальная б-ка Вялікабрытаніі. Засн. ў 1972 на базе б-кі Брытанскага музея (створаны ў 1753 на аснове прыватных калекцый і б-кі каралёў Англіі ад Эдуарда IV да Георга IV), Нац. цэнтр. б-кі (з 1916), Брыт. нац. каталога (з 1950), Нац. б-кі навукі і тэхнікі (хатні абанемент). У фондах б-кі больш за 21 млн. аддз. захоўвання (1995). Захоўвае бібліятэчныя матэрыялы на англ. мове, узорную выдавецкую прадукцыю свету. Брытанская бібліятэка — рэгіянальны н.-д. і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства і навук. інфармацыі з аўтаматызаванымі сродкамі апрацоўкі бібліяграфічна-каталогавых матэрыялаў (друк. каталогі і каталогавыя карты на магнітных стужках і мікраформах), мае сістэму інфармац. абслугоўвання (system BLAISE — British Automated Information service); пры дапамозе цэнтралізаванай камп’ютэрнай сістэмы (адзіная ў свеце) праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен. Забяспечвае ахову аўтарскіх правоў.

т. 3, с. 278

БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ

(British Empire),

назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.

Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн. Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл. Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ. калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл. Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл. Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл. Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.

т. 3, с. 278