БРЫЛЬЯ́НТ
(франц. brillant літар. бліскучы),
бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл. Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан І») (530,20 кар.), «Нізам» (277 кар.), «Юбілейны» (245,35 кар.), «Арлоў» (189,62 кар.), «Дэ Бірс» (234,50 кар.), «Вікторыя 1880» (228,50 кар.) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.
В.П.Кісель.
т. 3, с. 276
БРЫЛЮЭ́НА ЗО́НА,
мнагаграннік, які будуецца для кожнага крышталя па акрэсленых правілах. Форма брылюэна зоны вызначаецца сіметрыяй крышталёў, напр., брылюэна зона простай кубічнай рашоткі мае форму куба, гранецэнтраванай кубічнай рашоткі — ссечанага актаэдра. Выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела. Прапанавана ў 1930 франц. фізікам Л.Брылюэнам.
т. 3, с. 277
БРЫ́НДЫЗІ
(Brindisi),
горад на Пд Італіі. Адм. ц. правінцыі Брындызі. Вядомы з 10 ст. да н.э. 93 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Порт у прал. Отранта. Нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты; авіяц., трубапракатны з-ды. Харч. (у т. л. рыбаапрацоўчая) прам-сць. Арх. помнікі 11—18 ст. Ваенна-марская база.
т. 3, с. 277
БРЫ́НДЫЗІ—ПА́ТРЫ,
чыгуначная паромная пераправа цераз Іанічнае м., злучае Пд Італіі з п-вам Пелапанес у Грэцыі. Адлегласць 640 км. Дзейнічае з 1973. Курсіруе 6 спецыялізаваных двухпалубных суднаў умяшчальнасцю 110 вагонаў кожнае.
т. 3, с. 277
БРЫНЕ́ЛЯ МЕ́ТАД,
спосаб вызначэння цвёрдасці матэрыялаў па ўцісканні сталёвага загартаванага шарыка вызначаных памераў пры зададзенай нагрузцы. Лік цвёрдасці па Брынелю (НВ) — адносіны нагрузкі да плошчы паверхні адбітка. Выпрабаванні па Брынеля метаду праводзяць на стацыянарных цвердамерах (прэсах Брынеля), якія забяспечваюць павольнае прыкладанне зададзенай нагрузкі да шарыка і яе пастаянства на працягу зададзенага часу. Названы ў гонар швед. інж. Ю.А.Брынеля.
т. 3, с. 277
БРЫНЁЎ,
вёска ў Беларусі, у Ляскавіцкім с/с Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 35 км ад Петрыкава, 214 км ад Гомеля, 19 ад чыг. ст. Капцэвічы. 646 ж., 281 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 19—20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 3, с. 277
БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,
у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі І Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).
т. 3, с. 277
БРЫ́НЗА
(рум. brînzǎ),
расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.
т. 3, с. 277
БРЫНКУ́ШЫ,
Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. Мастацтва.
т. 3, с. 277
БРЫ́НСКІ Антон Пятровіч
(10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.
т. 3, с. 277