ВАЛАКНІ́ТЫ,
прэс-матэрыялы з валакністага напаўняльніку (валокны даўж. 15—40 мм), прамочанага палімерным сувязным. У якасці напаўняльніку выкарыстоўваюць валокны: азбеставае (гл. Азбапластыкі), баваўнянае, сінт., вугляроднае, шкловалакно. Састаў валакнітаў (% па масе); 40—50% напаўняльніку, 40—45% сувязнога (фенола-фармальдэгідныя, эпаксідныя смолы, крэмнійарган. палімеры). Вырабы з валакнітаў маюць высокую вода-, тэрмаўстойлівасць, устойлівасць да ўздзеяння хім. рэагентаў, ударатрываласць, фрыкцыйнасць. Выкарыстоўваюць у прылада- і машынабудаванні (карпусы і дэталі электрамашын, тармазныя калодкі і інш.), буд-ве (арматура, панэлі), касм. і авіяц. Тэхніцы.
т. 3, с. 471
ВАЛАКО́ННАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптаэлектронікі, які вывучае распаўсюджванне святла і перадачу інфармацыі па валаконных святлаводах і займаецца распрацоўкай апаратуры. Вылучылася ў самаст. кірунак у 1950-я г. ў сувязі з развіццём выліч. тэхнікі, кабельнага тэлебачання, сістэм аптычнай сувязі, мед. тэхнікі (зонды), стварэннем квантавых узмацняльнікаў, лазераў і інш.
Па святлаводах светлавыя сігналы перадаюцца з адной паверхні (тарца святлавода) на другую (выхадную) як сукупнасць элементаў відарыса, кожны з якіх перадаецца па сваёй святловядучай жыле. Стрыжань святлавода мае паказчык пераламлення святла, большы за абалонку, таму на мяжы стрыжня і абалонкі адбываецца шматразовае поўнае ўнутранае адбіццё святла, якое распаўсюджваецца па святлаводзе з малымі стратамі. Калі дыяметр святлавода большы за даўжыню хвалі (мнатамодавыя святлаводы), распаўсюджванне святла падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, у больш тонкіх валокнах (парадку даўжыні хвалі; аднамодавыя святлаводы) — законам хвалевай оптыкі. Святлаводы бываюць жорсткія (аднажыльныя, шматжыльныя) і ў выглядзе жгутоў з рэгулярнай укладкай валокнаў. Якасць відарыса вызначаецца дыяметрам жыл, іх колькасцю, дасканаласцю вырабу. Гал. прычына страт энергіі ў святлаводах — паглынанне святла шклом жылы.
На Беларусі даследаванні па валаконнай оптыцы, пачаліся ў 1974 у Ін-це прыкладной оптыкі АН Беларусі (г. Магілёў), вядуцца ў Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі АН Беларусі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» і інш.
Літ.:
Волоконная оптика. М., 1993;
Тидекен Р. Волоконная оптика и ее применение. Пер. с англ. М., 1975.
Я.В.Алішаў.
т. 3, с. 471
ВАЛАКО́ННА-АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ , сувязь, у якой перадача інфармацыі адбываецца з дапамогай эл.-магн. ваганняў аптычнага дыяпазону (1014 — 1015 Гц) і шкловалаконных святлаводаў; від аптычнай сувязі. Найб. перспектыўны кірунак развіцця тэлекамутацыйных сістэм і сетак. Адрозніваецца ад інш. відаў сувязі вял. колькасцю каналаў (вял. прапускная здольнасць), вял. скорасцю перадачы інфармацыі, высокай аховай ад эл.-магн. перашкод, нізкай імавернасцю памылак, малымі памерамі, масай і энергаспажываннем, прастатой мантажу і пракладкі.
Валаконна-аптычная сувязь дае магчымасць ствараць сеткі тэлекамунікацый з інтэграцыяй службаў (абмен рознымі відамі інфармацыі — тэлефаніі, даных ЭВМ, ПЭВМ, факсіміле; відэаінфармацыі, тэлебачання — у адной лічбавай сетцы). Валаконна-аптычныя лініі сувязі выкарыстоўваюцца ў кабельным тэлебачанні, выліч. тэхніцы, тэлефоннай і касм. сувязі, у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, медыцыне (дыягностыцы, хірургіі) і інш. Гл. таксама Валаконная оптыка.
Літ.:
Основы волоконно-оптической связи: Пер. с англ. М., 1980;
Волоконно-оптические системы передачи. М., 1992.
Я.В.Алішаў.
т. 3, с. 471
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
4) Невялікі невад для лоўлі рыбы.
т. 3, с. 471
ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ Гафар Рустамавіч
(н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),
таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 3, с. 472
ВАЛАНТЭ́
(Volonté) Джан Марыя (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),
італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. Фільмах.
т. 3, с. 472
ВАЛАНЦЁР
(франц. volontaire),
асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.
т. 3, с. 472
ВАЛАНЦІ́Р Міхай
(Міхаіл) Ермалаевіч (н. 9.3.1934, г. Бельцы, Малдова),
малдаўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). З 1957 у Малд. муз.-драм. т-ры імя В.Аляксандры (Бельцы). Сярод роляў: Іон («Напасць» І.Караджале; і рэж.), Стары («Стары» М.Горкага), Вано Пантыяшвілі («Ханума» А.Цагарэлі), Васіль («Вечар» А.Дударава; і рэж.). З 1968 здымаецца ў кіно: «Патрэбны брамнік», «Чацвёрты», «Гэтае салодкае слова — свабода», «Дзмітрый Кантэмір» (Дзярж. прэмія Малдовы 1976), «У зоне асаблівай увагі» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1980), «Ад Буга да Віслы». Найб. вядомая работа — роля Будулая ў тэлефільмах «Цыган» і «Вяртанне Будулая».
т. 3, с. 472
ВАЛАПА́С
(лац. Bootes),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка — Арктур (α Валапаса); ёсць падвойныя зоркі. 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. На тэр. Беларусі відаць зімой, вясной і летам. Гл. Зорнае неба.
т. 3, с. 472
ВАЛАРЫЗА́ЦЫЯ
(франц. valorisation),
1) павышэнне цаны тавараў, курсу каштоўных папер і інш. з дапамогай дзярж. мерапрыемстваў.
2) Тое, што і рэвальвацыя.
т. 3, с. 472