Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЫЗ

(ад франц. brise лёгкі вецер),

мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.

т. 3, с. 274

БРЫЗА́НТНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

другасныя выбуховыя рэчывы, асноўны рэжым выбуховага ператварэння якіх — дэтанацыя. Паводле саставу падзяляюць на індывідуальныя злучэнні і сумесі.

Большасць індывідуальных брызантных выбуховых рэчываў — араматычныя нітразлучэнні (найважнейшыя — трынітраталуол і трынітрабензол), нітраміны (гексаген, акгаген), нітраэфіры (нітрагліцэрын, нітраты цэлюлозы). Сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы — сплавы нітразлучэнняў, мех. сумесі нітразлучэнняў і іх сплаваў з інш. рэчывамі (напр., алюматол), сумесі нітрату амонію з нітразлучэннямі (аманіты) і з невыбуховым гаручым (дынамоны), сумесі на аснове вадкіх нітратаў (напр., дынаміты).

Выкарыстоўваюць у горнай прам-сці, пры апрацоўцы металаў выбухам, у сейсмаразведцы, у ваен. тэхніцы для вытв-сці боепрыпасаў.

Літ.:

Орлова Е.Ю. Химия и технология бризантных взрывчатых веществ. 3 изд. Л., 1981.

т. 3, с. 274

БРЫЗГЛІ́НА

(Euonymus),

род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 220. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (асабліва ў Кітаі, Японіі, Індакітаі, Гімалаях), Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі ў лясах, хмызняках па берагавых схілах рэк і ў ярах трапляюцца брызгліна бародаўчатая (Е. verrucosa) і еўрапейская (Е. europaea). У Цэнтр. бат. садзе АН вырошчваюць 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. перспектыўныя для зялёнага буд-ва брызгліна карлікавая (Е. nana), Маака (Е. maakii), шыракалістая (Е. latifolia) і свяшчэнная (Е. sacrosancta).

Шматгадовазялёныя і лістападныя кусты або невял. дрэвы. Галінкі гладкія ці ў густых бародаўках. Лісце авальна-падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, пляскатыя, у паўпарасоніках, зрэдку — адзіночныя. Плод — скурыстая каробачка. Дэкар., лек. (сардэчны, гіпатэнзіўны, ірвотны, слабіцельны, вітамінны сродак), інсектыцыдныя, тэхн. (драўнінныя, гутаперчаносныя, фарбавальныя і алейныя) расліны. Усе часткі брызгліны ядавітыя (маюць сардэчны гліказід эванізід), у лісці да 170 мг% аскарбінавай к-ты.

т. 3, с. 274

БРЫЗЕ́НТ

(галанд. presenning),

шчыльная тканіна з тоўстай пражы, прамочанай воданепранікальнымі і процігніласнымі саставамі. Вырабляюць з хім. валокнаў, часам бывае льняны, паўільняны ці баваўняны. Выкарыстоўваюць для ўкрыцця розных матэрыялаў, машын, а таксама для вырабу спецвопраткі, абутку.

т. 3, с. 274

БРЫІ́ДЫ,

гл. Брыевыя імхі.

т. 3, с. 275

БРЫЙ

(Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (В. capillare), дзірваністы (В. caespiticium), няправільнатрохгранны (В. pseudotriquertrum) і серабрысты (В. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (В. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 3, с. 275

БРЫКЕТАВА́ННЕ,

ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.

Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн. т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.

Б.А.Багатаў.

т. 3, с. 275

БРЫЛЁЎ Мікіта Рыгоравіч

(27.5.1896, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.8.1955),

савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейтэнант (1945). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, ваяваў на Туркестанскім фронце. З пач. Вял. Айч. вайны на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел., 4-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Беларусі (Чавусаў, Слаўгарада, Рагачова, Магілёва, Мінска, Гродна), Чэхаславакіі. З 1946 у апараце Мін-ва абароны, у 1951—53 нач. кафедры Сярэднеазіяцкага ун-та.

т. 3, с. 275

БРЫЛІ́,

вёска ў Беларусі, у Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на У ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Лупалава. 481 ж., 176 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 275

БРЫЛЬ,

капялюш, мужчынскі галаўны ўбор беларусаў. Плеценыя з саломы, мятліцы, лазы, чароту брылі насілі летам, валеныя, лямцавыя — у любую пару года. Разнастайнасцю прыёмаў пляцення, тонкасцю паверхневай структуры вызначаліся саламяныя брылі, якія плялі звычайна са сцяблоў жыта (у зубчыкі ці прама) і прашывалі суравымі ніткамі ці конскім воласам. Святочныя брылі паверх палёў абвязвалі каляровай тасьмой і ўпрыгожвалі штучнымі кветкамі. Валеныя, лямцавыя брылі формай і памерамі амаль не адрозніваліся ад саламяных, аднак аздабленне іх было больш сціплае.

т. 3, с. 275