паказчык, які характарызуе аб’ём прадукцыі ў вартасным (грашовым) выражэнні, атрыманай на прадпрыемстве ці ў адной з галін матэрыяльнай вытв-сці. Уключае канчатковую (гатовую) і прамежкавую (вузлы і дэталі камплектавання, сыравіну і інш.) прадукцыю. Разлічваецца ў супастаўных цэнах і ў цэнах адпаведных гадоў. Адлюстроўвае аб’ём, дынаміку і тэмпы агульнага росту вытв-сці на прадпрыемствах і ў асобных галінах эканомікі, прапорцыі паміж гэтымі галінамі, што можна выкарыстаць для вызначэння перспектыў вытв-сці.
Валавая прадукцыя прамысловасці — сукупнасць гэтай прадукцыі ўсіх прамысл. прадпрыемстваў за пэўны перыяд. Апрача гатовай прадукцыі ўключае кошт спажытых у вытв. працэсе сыравіны, матэрыялаў, паліва, эл. энергіі, а таксама амартызацыю асн. сродкаў. Валавая прадукцыя прадпрыемства вызначаецца пераважна заводскім спосабам: з усяго валавога абароту вылічваецца ўнутрызаводскі абарот (прадукцыя некаторых цэхаў, выкарыстаная на выраб канчатковай прадукцыі ў інш. цэхах). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — сукупная прадукцыя гэтай галіны ў грашовым выражэнні; уключае таксама кошт сродкаў, выкарыстаных у працэсе с.-г. вытв-сці (насенне, кармы, амартызацыя будынкаў, машын і т.д.). Вызначаецца ў супастаўных цэнах, па аб’ектах с.-г. вытв-сці, асобных галінах сельскай гаспадаркі і ў цэлым па краіне.
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.
вартасць (кошт) матэрыяльных даброт, створаных грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год) і прызначаных для задавальнення ўсёй сукупнасці патрэб. Характарызуе ўзровень эканам. развіцця грамадства. У натуральна-рэчыўнай форме складаецца са сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання, у вартаснай — з нанава створанай вартасці (нацыянальны даход) і кошту сродкаў вытв-сці, спажытых у вытв. працэсе (фонд пакрыцця). У статыст. практыцы вызначаецца т.зв. заводскім метадам, як і валавы абарот прадпрыемства.
сукупны даход, створаны жывой працай. У межах прадпрыемства (фірмы) гэта розніца паміж выручкай за рэалізаваную прадукцыю і матэрыяльнымі затратамі на яе вытв-сць. У маштабе краіны валавы даход — нацыянальны даход. Валавы даход без уліку заработнай платы — чысты даход.
эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід.прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.9.1937. Пл. 145,7 тыс.км². Нас. 1362,4 тыс.чал. (1995), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Волагда. Найб. гарады: Чарапавец, Сокал, Вял. Усцюг.
Прырода. Валагодская вобласць размешчана на ПнЗУсх.-Еўрапейскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—200 м. У зах.ч. вобласці ярка выяўлены марэнны рэльеф. На ПнЗ знаходзяцца Вепсаўскае (выш. да 304 м) і Андомскае ўзвышшы, Мягорская града, на ПдЗ — Андогская града (выш. да 299 м), у цэнтр.ч. — Валагодскае, Галіцкае, Верхняважскае ўзвышшы і шэраг град, на ПдУ — частка узв. Паўночныя Увалы. Карысныя выкапні: торф, флюсавыя вапнякі, даламіты, вогнетрывалыя гліны, кухонная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -14 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. У Валагодскай вобласці больш за 2000 рэк, найб. — Сухона з прытокам Юг, Вага, Малога, Шэксна, Унжа. Азёр каля 4200, сярод іх Анежскае і Белае, Вожэ, Кубенскае, Рыбінскае і Шэкснінскае вадасховішчы. На Пн пашыраны падзолістыя, на Пд — дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць каля 2/3 тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды. На тэр. вобласці частка Дарвінскага запаведніка.
Гаспадарка. Лен. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтацягнікі-цыстэрны, рачныя сухагрузныя цеплаходы, буксіры-штурхачы, суднавыя краны; абсталяванне для лясной, дрэваапр. і харч. прам-сці; станкі для апрацоўкі драўніны, рухавікі, падшыпнікі, электраапаратура, дэталі для с.-г. машын, рамонт буд. і дарожных машын і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы, домікі садовыя, мэбля), цэлюлозна-папяровая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, аміяку, салетры, лакаў і фарбаў), лёгкая (апрацоўка льновалакна, трыкат. і швейныя вырабы), рыбная і харч. (масласыраробная, кансервавая) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Развіты птушкагадоўля і свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень) і кармавыя культуры. Пасевы бульбы і агародніны. Шырока вядомы традыцыйныя маст. промыслы: пляценне карункаў (гл.Валагодскія карункі), чарненне па серабры, маст. ткацтва, разьба і пляценне з бяросты. Па тэр. вобласці праходзяць чыг. Масква—Архангельск і Санкт-Пецярбург—Перм, аўтадарога Санкт-Пецярбург—Чарапавец—Волагда—Яраслаўль. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Паўн.-Дзвінскай сістэме, па Сухоне, Волагдзе, Паўн. Дзвіне. Захаваліся ансамблі Гледзенска-Троіцкага (засн. ў 12 ст.), Міхаіла-Архангельскага (засн. ў 1212) і Спаса-Праабражэнскага (засн. ў 1422) манастыроў. Курорт — г. Тоцьма.
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.