Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал. нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц. культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.

Літ.:

Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;

Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.

С.​А.​Кузняева.

т. 14, с. 89

САКО́ЛЬСКІ (Канстанцін Іванавіч) (28.5.1902, г. Брэст — 6.12.1969),

інжынер-контр-адмірал (1944). Скончыў ваенна-марское вучылішча (1925), Спец. курсы камсаставу ВМС (1927), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1934). У Чырв. Арміі з 1918, з 1921 у ВМФ. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял. Айч. вайну нам. начальніка мінна-тарпеднага ўпраўлення ВМФ на Балтыцы, р. Волга, Дунай, у час вайны з Японіяй 1945 на Амурскай флатыліі. Да 1957 на кіруючых пасадах у ВМФ.

т. 14, с. 89

САКО́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т, Саколкаўскі павет,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утворана ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1843 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Саколка Пл. 2290 кв. вёрст, нас. 88 719 чал. (без гарадоў, 1897), з іх 80% католікі, 16% праваслаўныя, каля 1,5% іудзеі. Падзяляўся на 13 валасцей: Астрагорская, Астроўская, Багнаўская, Грабянёўская, Зубрыцкая, Каменкаўская, Каменская, Круглянская, Макаўлянская, Нававольская, Раманаўская, Трафімаўская, Чарнавеская. У складзе павета былі заштатныя гарады Адэльск, Васількаў, Дамброва, Карыцын, Кузніца, Новы Двор, Сухаволя і Янаў; усяго больш за 650 нас. пунктаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве. У вер. 1939 заняты Чырв. Арміяй. З 2.11.1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобл. Скасаваны 15.1.1940.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 14, с. 89

САКО́ТА,

мусульманскае феадальна-тэакратычнае дзярж. аб’яднанне (халіфат) у Зах. Судане ў ніжнім цячэнні р. Нігер у 19 — пач. 20 ст. Створана ў выніку паўстання ў пач. 19 ст. народа фульбе пад лозунгам «свяшчэннай вайны» (гл. Джыхад) супраць правіцеляў дзяржаў хаўса. Да сярэдзіны 19 ст. ахоплівала землі сучасных Паўн. Нігерыі, Паўд. Нігера і Паўн. Камеруна. Складалася з эміратаў, многія з якіх толькі намінальна прызнавалі ўладу халіфа са сталіцай у г. Сакота. Пасля ваен. разгрому С. ў 1903 брыт. войскамі яго тэр. ўвайшла ў склад калан. уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі.

т. 14, с. 89

САКО́ТРА (Socotra, Sokotra),

група астравоў у Індыйскім ак., на У ад мыса Гвардафуй (Афрыка), тэр. Йемена. Пл. 3,6 тыс. км². Самы буйны — в-аў Сакотра (выш. да 1503 м). Складзены пераважна з крышт. парод. Клімат трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. 21 °C, ліп. 28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Паўпустынная расліннасць. На У і ў гарах — ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Вырошчванне фінікавай пальмы. Рыбалоўства. Гал. горад — Хадыбу (на в-ве Сакотра).

т. 14, с. 89

САКРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sacralis свяшчэнны),

наданне прадметам, з’явам, людзям свяшчэннага, рэлігійнага зместу; падпарадкаванне сац. ін-таў, культуры і быт. зносін рэліг. ўплыву. У аснове С. — вера ў існаванне свяшчэннага (сакральнага), процілеглага свецкаму. Сімвалам С. з’яўляецца цырымонія асвячэння, у выніку якой звычайная працэдура набывае трансцэндэнтны сэнс. У тэалогіі С. тлумачыцца як вытворнае ад Бога. Ням. тэолаг Р.​Ота вызначаў сакральнае як адзіную адметную ўласцівасць божага, якая з’яўляецца сапраўдным коранем рэлігіі. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм лічыў, што сакральнае выяўляе натуральна-прыродную аснову чалавецтва, яго грамадскую (калектывісцкую) сутнасць, якая супрацьстаіць індывідуалістычнаму існаванню. На розных этапах гіст. развіцця ступень распаўсюджанасці С. і яе характар былі неаднолькавыя. У ходзе гісторыі працэсам С. супрацьстаяла дэсакралізацыя (секулярызацыя) розных бакоў чалавечага існавання.

т. 14, с. 89

САКРАМЕ́НТА (Sacramento),

рака на З ЗША. Даўж. каля 640 кмр. Піт каля 960 км), пл. басейна 73 тыс. км². Вытокі на схілах гор Кламат, цячэ па паўн. ч. Каліфарнійскай даліны, упадае ў зал. Сан-Францыска, у вусці зліваецца з р. Сан-Хаакін. Зімовыя паводкі, вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні расход вады на выхадзе з гор 314 м³/с. Буйное вадасх. Шаста, ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 288 км ад вусця.

т. 14, с. 90

САКРАМЕ́НТА (Sacramento),

горад на З ЗША. Адм. ц. штата Каліфорнія. Засн. ў 1839 як гандл. факторыя. Рост горада звязаны з «залатой ліхаманкай» 1840-х г. Цэнтр штата з 1854. 404,2 тыс ж., з прыгарадамі больш за 1,6 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Сакрамента Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр паўн. ч. Каліфарнійскай даліны. Прам-сць: ракетна-касм. (вытв-сць рухавікоў), радыёэлектронная, харч. (плодакансервавая, мясная). 12 каледжаў і універсітэтаў. Музеі і галерэя мастацтваў.

т. 14, с. 90

САКРА́Т (Sōkratēs, 470—399 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Жыў у Афінах. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях, пасяджэннях «савета пяцісот», выконваў інш. грамадскія абавязкі. Абвінавачаны ў бязбожнасці, разбэшчванні моладзі і прыгавораны да пакарання смерцю. Адхіліў падрыхтаваныя сябрамі ўцёкі і прыняў атруту. Вызначыў новую задачу філасофіі як пазнанне чалавека ва ўсёй разнастайнасці яго духоўнага быцця, а не пазнанне прыроды. Пазнанне чалавека звязваў з самапазнаннем сябе як грамадскай і маральнай істоты. Спрабаваў даць вызначэнні агульным паняццям мудрасці, дабра, справядлівасці і інш.; падрыхтаваў аснову для далейшай распрацоўкі катэгарыяльнага апарату філасофіі. Свае ідэі выкладаў вусна ў выглядзе размоў, дыскусій. Лічыў, што напісаны тэкст «мёртвы» і ў значнай ступені скажае думку. Абгрунтаваў і распрацаваў метад дыялогу як асн. сродку вызначэння ісціны і такія яго складаныя кампаненты, як іронія, маеўтыка, індукцыя. Яго паліт. погляды заснаваны на перакананні, што дзяржавай павінны кіраваць «лепшыя» — мудрыя і справядлівыя грамадзяне. Лічыў неабходным «бударажыць» грамадства, не дазваляючы грамадзянам займацца толькі звычайнымі справамі (узбагачэннем, кар’ерай і інш.). Выступаў за духоўнае развіццё чалавека, яго маральнае і інтэлектуальнае самаўдасканальванне.

С. не стварыў цэласнай філас. сістэмы, але яго ўплыў на сусв. філасофію і духоўную культуру вельмі значны. Прадаўжальнік яго ідэй — Платон. Жыццёвы шлях С., яго асн. ідэі зафіксаваны ў працах стараж.-грэч. філосафаў Платона, Ксенафонта, Дыягена Лаэрцкага і інш. (гл. Сакратычныя школы).

Кр.: Платон. Апология Сократа. Критон // Собр. соч.: Пер. с греч. М., 1990. Т. 1.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Софисты. Сократ. Платон. М., 1994;

Нерсесянц В.С. Сократ. М., 1996;

Кессиди Ф.Х. Сократ. Ростов н/Д, 1999;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с греч. М., 1995.

Т.​І.​Адула.

Сакрат.

т. 14, с. 90

САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),

1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.

2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.

3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.

4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.​С.​Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.

т. 14, с. 90