САКРА́Т (Sōkratēs, 470—399 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Жыў у Афінах. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях, пасяджэннях «савета пяцісот», выконваў інш. грамадскія абавязкі. Абвінавачаны ў бязбожнасці, разбэшчванні моладзі і прыгавораны да пакарання смерцю. Адхіліў падрыхтаваныя сябрамі ўцёкі і прыняў атруту. Вызначыў новую задачу філасофіі як пазнанне чалавека ва ўсёй разнастайнасці яго духоўнага быцця, а не пазнанне прыроды. Пазнанне чалавека звязваў з самапазнаннем сябе як грамадскай і маральнай істоты. Спрабаваў даць вызначэнні агульным паняццям мудрасці, дабра, справядлівасці і інш.; падрыхтаваў аснову для далейшай распрацоўкі катэгарыяльнага апарату філасофіі. Свае ідэі выкладаў вусна ў выглядзе размоў, дыскусій. Лічыў, што напісаны тэкст «мёртвы» і ў значнай ступені скажае думку. Абгрунтаваў і распрацаваў метад дыялогу як асн. сродку вызначэння ісціны і такія яго складаныя кампаненты, як іронія, маеўтыка, індукцыя. Яго паліт. погляды заснаваны на перакананні, што дзяржавай павінны кіраваць «лепшыя» — мудрыя і справядлівыя грамадзяне. Лічыў неабходным «бударажыць» грамадства, не дазваляючы грамадзянам займацца толькі звычайнымі справамі (узбагачэннем, кар’ерай і інш.). Выступаў за духоўнае развіццё чалавека, яго маральнае і інтэлектуальнае самаўдасканальванне.

С. не стварыў цэласнай філас. сістэмы, але яго ўплыў на сусв. філасофію і духоўную культуру вельмі значны. Прадаўжальнік яго ідэй — Платон. Жыццёвы шлях С., яго асн. ідэі зафіксаваны ў працах стараж.-грэч. філосафаў Платона, Ксенафонта, Дыягена Лаэрцкага і інш. (гл. Сакратычныя школы).

Кр.: Платон. Апология Сократа. Критон // Собр. соч.: Пер. с греч. М., 1990. Т. 1.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Софисты. Сократ. Платон. М., 1994;

Нерсесянц В.С. Сократ. М., 1996;

Кессиди Ф.Х. Сократ. Ростов н/Д, 1999;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с греч. М., 1995.

Т.​І.​Адула.

Сакрат.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)