САКРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sacralis свяшчэнны),
наданне прадметам, з’явам, людзям свяшчэннага, рэлігійнага зместу; падпарадкаванне сац. ін-таў, культуры і быт. зносін рэліг. ўплыву. У аснове С. — вера ў існаванне свяшчэннага (сакральнага), процілеглага свецкаму. Сімвалам С. з’яўляецца цырымонія асвячэння, у выніку якой звычайная працэдура набывае трансцэндэнтны сэнс. У тэалогіі С. тлумачыцца як вытворнае ад Бога. Ням. тэолаг Р.Ота вызначаў сакральнае як адзіную адметную ўласцівасць божага, якая з’яўляецца сапраўдным коранем рэлігіі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм лічыў, што сакральнае выяўляе натуральна-прыродную аснову чалавецтва, яго грамадскую (калектывісцкую) сутнасць, якая супрацьстаіць індывідуалістычнаму існаванню. На розных этапах гіст. развіцця ступень распаўсюджанасці С. і яе характар былі неаднолькавыя. У ходзе гісторыі працэсам С. супрацьстаяла дэсакралізацыя (секулярызацыя) розных бакоў чалавечага існавання.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)