САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал. нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц. культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.
Літ.:
Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;
Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.
С.А.Кузняева.
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)