САКРАТА́Р (ад позналац. secretarius першапачаткова — давераная асоба),
1) службовая асоба, якая вядзе справаводства ўстановы або асобы.
2) Складальнік пратакола сходу, пасяджэння.
3) Выбарны кіраўнік грамадскай, партыйнай або міжнар. арг-цыі.
4) Службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вял. князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407. Часам так называліся і велікакняжацкія пісары. З 2-й пал. 16 ст. С. — асобная пасада, дзейнасць якой не абавязкова звязана са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў, памежных камісараў і інш.). Некат. С. вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты. С. вялікі духоўны — міністэрская пасада, асобная ад апарата канцлера і падканцлера ВКЛ. Утворана на сойме 1670. Прызначаўся каралём з духоўных асоб, вёў спецыяльна даручаныя справы. С. вялікі свецкі — міністэрская пасада. У пач. 16 ст. з тытулам «найвышэйшага сакратара ВКЛ» выступаў пісар І.С.Сапега, як мяркуецца, на ўзор адпаведнай пасады ў Польшчы. Сталая пасада С. вялікага свецкага ўстаноўлена ў ВКЛ на каранацыйным сойме 1764.
т. 14, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)