Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЫРЫ́СТАР (ад грэч. thyra дзверы, уваход + рэзістар),

паўправадніковая прылада з шматслойнай структурай тыпу p—n—p—n з 3 (ці больш) электронна-дзірачнымі пераходамі і ўласцівасцямі кіравальнага эл. вентыля. Мае 3 вывады, 2 з якіх (анод і катод) далучаны да крайніх абласцей монакрышталя, трэці (кіравальны) — да адной з унутраных абласцей (трыністар). Па сваіх уласцівасцях нагадвае тыратрон. Т. з 2 вывадамі (анодам і катодам) наз. дыністарам. Выкарыстоўваецца ў крыніцах эл. сілкавання (напр., электрапрыводзе), генератарах магутных імпульсаў, лініях эл. перадачы пастаяннага току, сістэмах кіравання і інш.

т. 16, с. 80

ТЫРЫЧМІ́Р,

найвышэйшая вяршыня Гіндукуша (7690 м) на Пн Пакістана. Складзена з крышт. парод. Ледавікі, фірнавыя палі.

т. 16, с. 80

ТЫРЭАТАКСІКО́З (ад новалац. thyreoidea шчытападобная залоза + таксікоз),

базедава хвароба, валляк дыфузны таксічны, захворванне, абумоўленае павышанай функцыяй шчытападобнай залозы. якая выдзяляе ў кроў залішнюю колькасць гармонаў. Часцей бывае ў жанчын. Пры Т. ў хворых парушаецца абмен рэчываў, з’яўляецца боль у вобласці сэрца, задышка пры фіз. нагрузцы, вірлавокасць. Пры прагрэсіраванні Т. развіваюцца цяжкія пашкоджанні сэрца, печані, палавых залоз. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

т. 16, с. 80

ТЫРЭАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, тырэатрапін,

гармон, які выпрацоўваецца пярэдняй доляў гіпофіза. Паводле хім. прыроды — глікапратэід. Стымулюе сінтэз і выдзяленне асн. гармонаў шчытападобнай залозы — тыраксіну і трыёдтыраніну, паскарае шэраг метабалічных працэсаў у залозе (напр., транспарт і пераўтварэнне глюкозы). Выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 16, с. 81

ТЫРЭ́НСКАЕ МО́РА (Mare Tirreno),

паўзамкнёнае мора паміж Апенінскім п-вам і а-вамі Сіцылія, Сардзінія і Корсіка; частка Міжземнага мора. Злучана з ім пралівамі Карсіканскім, Баніфача, Туніскім, Сардзінскім і Месінскім. Пл. 214 тыс. км². Найб. глыб. 3830 м. На ПдУ — Ліпарскія а-вы. Т-ра вады летам 22—24,5 °C, зімой 13—14 °C. Салёнасць 37,25—38,25‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (сардзіны. тунец, вугор, меч-рыба). Гал. парты: Неапаль, Палерма, Кальяры (Італія), Бастыя (Францыя).

т. 16, с. 81

ТЫРЭ́СІЙ (Teiresios),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сляпы прадказальнік з Фіваў. Паводле адной версіі міфа, Т. аднойчы ўбачыў багіню Афіну ў час купання і быў за гэта асляплёны, але пазней замест страчанага зроку Афіна дала яму дар прадказання. Паводле другой версіі, Т. убачыў дзвюх змей, забіў іх і ператварыўся ў жанчыну; вярнуў мужчынскае аблічча пасля таго, як зноў забіў іншых змей. У час спрэчкі паміж Зеўсам і Герай аб тым, каму каханне дае больш асалоды — мужчыне або жанчыне, Т. адказаў, што жанчыне, і быў асляплёны раззлаванай Герай. Аднак Зеўс даў Т. дар прадказання і доўгае жыццё.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 81