ТЫРЭ́СІЙ (Teiresios),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сляпы прадказальнік з Фіваў. Паводле адной версіі міфа, Т. аднойчы ўбачыў багіню Афіну ў час купання і быў за гэта асляплёны, але пазней замест страчанага зроку Афіна дала яму дар прадказання. Паводле другой версіі, Т. убачыў дзвюх змей, забіў іх і ператварыўся ў жанчыну; вярнуў мужчынскае аблічча пасля таго, як зноў забіў іншых змей. У час спрэчкі паміж Зеўсам і Герай аб тым, каму каханне дае больш асалоды — мужчыне або жанчыне, Т. адказаў, што жанчыне, і быў асляплёны раззлаванай Герай. Аднак Зеўс даў Т. дар прадказання і доўгае жыццё.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)