Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Эдгар) (н. 17.9.1930, г. Херфард, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р н. па аэранаўтыцы і астранаўтыцы. Капітан 1-га рангу ВМС (з 1972 у адстаўцы). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пітсбургу (1952), вышэйшую школу ВМФ (1961), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і С.Русам здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-14». Прабыў на Месяцы 33,5 гадз, у т. л. двойчы выходзіў на яго паверхню (агульны час 9,4 гадз). У космасе правёў 9 сутак.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 477

МІТЫЛІ́НІ,

другая назва вострава Лесбас у Эгейскім моры.

т. 10, с. 477

МІ́ТЫНГ (англ. meeting),

масавы сход для абмеркавання паліт. і інш. надзённых пытанняў, у падтрымку якіх-н. патрабаванняў, для выказвання салідарнасці ці пратэсту.

т. 10, с. 477

МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),

сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.

Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.

Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).

Э.​Р.​Самусенка.

Мітэльшнаўцэр.

т. 10, с. 478

МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц. сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл. Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.

Ф.​Мітэран.

т. 10, с. 478