МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),

сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.

Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.

Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).

Э.​Р.​Самусенка.

Мітэльшнаўцэр.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)