Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ДЗІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 20.12.1939, с. Аксаур Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі і бяспекі чыг. транспарту. Канд. тэхн. н. (1972), праф. (1993). Вынаходнік СССР (1973), Ганаровы чыгуначнік (1993). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1962). З 1972 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (у 1977—87 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі і метадах кіравання бяспекай тэхн., у т.л. транспартных сістэм, аўтаматызацыі станцыйных працэсаў, тэхн. абслугоўванні сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі на сартавальных горках.

Тв.:

Механизация и автоматизация станционных процессов. М., 1985;

Техническое обслуживание горочных устройств. М., 1989 (разам з Я.У.Шчарбаковым);

Безопасность функционирования горочных устройств. М., 1994.

т. 10, с. 511

МО́ДСЛІ ((Maudslay) Альфрэд Персіваль) (1850—22.1.1931),

англійскі археолаг, які даў навук. апісанне найбуйнейшых помнікаў майя. Да 1894 арганізаваў 7 экспедыцый, у час якіх даследаваў помнікі Кірыгуа, Паленке, Чычэн-Іца. Вынікі работ апублікаваў у серыі «Біялогія Цэнтральнай Амерыкі, ці Даследаванні флоры і фауны Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі» (1892—1902). М. транскрыбіраваў тэксты майя, якія заклалі асновы даследавання іх іерагліфічнага пісьма.

т. 10, с. 511

МО́ДУЛІ ПРУ́ГКАСЦІ,

велічыні, якія характарызуюць пругкія ўласцівасці (пругкасць) цвёрдых цел. Вызначаюць каэф. залежнасці паміж дэфармацыяй і прыкладзенымі мех. напружаннямі. Пры малых дэфармацыях, калі справядлівы Гука закон, гэтая залежнасць лінейная, а М.п. з’яўляюцца каэф. прапарцыянальнасці. Пры расцяжэнні-сцісканні нармальнаму напружанню адпавядае модуль падоўжанай пругкасці E (Юнга модуль), роўны адносінам нармальнага напружання σ да адноснага падаўжэння ε : E = σ ε .

Напружанаму стану чыстага зруху адпавядае модуль зруху G, роўны адносінам датычнага напружання τ да вугла зруху γ : G = τ γ ; вызначае здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам формы пры захаванні аб’ёму. Модуль аб’ёмнага сціскання (аб’ёмны М.п.) — адносіны ўсебаковага нармальнага напружання σ да адноснага аб’ёмнага сціскання Δ : k = σ Δ ; характарызуе здольнасць матэрыялу супраціўляцца зменам яго аб’ёму, які не суправаджаецца зменамі формы. Пругкія ўласцівасці цвёрдых цел характарызуе і каэфіцыент Пуасона γ, роўны адносінам адноснага папярочнага сціскання сячэння ε′ (пры аднабаковым расцяжэнні) да адноснага падоўжнага падаўжэння ε : γ = ε′ ε . Для аднароднага ізатропнага цела М.п. аднолькавы па ўсіх напрамках, для анізатропнага — пастаянныя E, G, γ, маюць розныя значэнні ў розных напрамках. Значэнні М.п. залежаць ад хім. саставу матэрыялаў, іх апрацоўкі, т-ры. М.п. выкарыстоўваюцца пры разліках на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і інш.

Літ.:

Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. Ч. 1—2. 3 изд. М., 1974.

В.К.Грыбоўскі.

т. 10, с. 511

МО́ДУЛЬ (ад лац. modulus мера) у архітэктуры, умоўная адзінка, што ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, збудавання або комплексу. Адзін з асн. сродкаў арх. кампазіцыі, які выкарыстоўваецца для прывядзення ў гарманічнае адзінства памераў цэлага і яго частак (напр., залатое сячэнне).

Вядомы са старажытнасці. У залежнасці ад асаблівасцей буд. тэхнікі і кампазіцыі будынкаў за М. прымаліся розныя велічыні: у стоечна-бэлечных канструкцыях (гл. Ордэр) — радыус або дыяметр калоны, шырыня трыгліфа ці памер буд. вырабу (цэглы, бервяна), у сценавых канструкцыях — таўшчыня сцяны, у крыжова-купальных збудаваннях — дыяметр купала ці стараны падкупальнага памяшкання. Для вызначэння абсалютнай велічыні будынка ў якасці М. выкарыстоўвалі меры даўжыні (фут, сажань, метр і інш.), якія ўтварылі т. зв. лінейны М. У 2-й пал. 20 ст. з прагрэсам буд. тэхнікі, тыпізацыі буд-ва і індустрыялізацыі масавага домабудавання лінейны М. набыў вял. тэхн. значэнне як сродак узгаднення планіровачных і канстр. элементаў будынкаў, іх уніфікацыі і стандартызацыі. Айчыннымі, замежнымі і міжнар. нормамі і стандартамі ўстаноўлены асн. М. памерам у 100 мм. Для вызначэння аб’ёмна-планіровачных памераў будынкаў выкарыстоўваюць узбуйненыя М. (ЗМ., 6М., 12М., 15М., 30М., 60М.), для вызначэння сячэння дробных дэталяў, зазораў паміж імі — дробныя М.

С.А.Сергачоў.

т. 10, с. 511

МО́ДУЛЬ у матэматыцы, 1) М. вектара — адна з характарыстык вектара — яго даўжыня (норма). Абазначаецца | a | = a . М. вектара a = { a1 a2 a3 } вылічваецца па формуле | a | = a 1 3 + a 2 2 + a 3 2 .

2) М. камплекснага ліку a + i b — неадмоўны лік r = a2 + b2 . М. сапраўднага ліку часта наз. абсалютнай велічынёй гэтага ліку.

3) М. пераходу ад сістэмы лагарыфмаў з асновай a да сістэмы лагарыфмаў з асновай b з’яўляецца лік M = 1 / logab ; ( logbN = MlogaN ) .

т. 10, с. 511

МО́ДУЛЬ у тэхніцы,

1) назва важнага каэфіцыента або велічыні, напр., модуль пругкасці.

2) Уніфікаваны функцыян. вузел (або частка складанага ланцуга) радыёэлектроннай апаратуры, які канструктыўна аформлены як самаст. выраб і выконвае пэўную функцыю (гл. таксама Мікрамодуль).

3) Спецыялізаваны адсек арбітальнай станцыі, які нарошчваецца і дзе размешчаны спец. тэхнал. абсталяванне, прылады і інш., напр., астрафіз. М., тэхнал. М. Таксама М. часта наз. састаўныя часткі касм. карабля, напр., арбітальны М., пасадачны М.

т. 10, с. 511

МО́ДУЛЬ ГІ́БКАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ аўтаматызаванай,

гл. Гібкі вытворчы модуль, Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.

т. 10, с. 511

МО́ДУС (ад лац. modus мера, узор, спосаб),

1)у філасофіі — уласцівасць прадмета, характэрная для яго толькі ў некаторых выпадках (у адрозненне ад атрыбута — неад’емнай уласцівасці прадмета).

2) У логіцы — разнавіднасць сілагізмаў, што вызначаюцца формай (колькасцю і якасцю) пасылак і заключэнняў (гл. Сілагістыка).

т. 10, с. 511

МО́ДУС ВІВЕ́НДЗІ (лац. modus vivendi лад жыцця, спосаб існавання),

часовае пагадненне па пытаннях, якія патрабуюць свайго вырашэння, калі пры існуючых акалічнасцях немагчыма дасягненне пастаяннага пагаднення. Мае на мэце замену яго пастаянным пагадненнем.

т. 10, с. 511

МО́ДУС ПРАСЕДЭ́НДЗІ (лац. modus procedendi спосаб дзеяння),

тэрмін, што выкарыстоўваецца ў дыпламат. практыцы і азначае, якім чынам і ў якім парадку павінна быць выканана тое або інш. абавязацельства або дзеянне.

т. 10, с. 511