Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ЙВА (Mallotus villosus),

марская рыба сям. корушкавых. 2 падвіды: М. атлантычная (M.v. villosus), пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., Баранцавым, Белым і Карскім морах, М. ціхаакіянская, або уёк (M.v. socialis) — каля берагоў Канады, у Ахоцкім, Берынгавым, Чукоцкім, Японскім морах, м. Лапцевых. Чародная пелагічная рыба.

Даўж. да 22 см, маса да 17 г. Самцы буйнейшыя за самак; адзнака палавога дымарфізму — аснова анальнага плаўніка ў самцоў уздутая. Луска дробная. Ніжняя сківіца выдаецца наперад. Корміцца планктоннымі ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

Мойва.

т. 10, с. 513

МО́ЙЗЫХ (Яўген Антонавіч) (20.12.1903, в. Германава Люблінскага ваяв., Польшча — 10.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў ваенна-пях. вучылішча (1944). З 1933 нар. суддзя ў Чэлябінску і вобласці. У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1944 на 2-м Прыбалтыйскім фронце. Камандзір кулямётнага ўзвода ст. лейтэнант М. вызначыўся ў баі за плацдарм на беразе р. Айвіекстэ (Латвія): калі скончыліся боепрыпасы, павёў узвод у рукапашны бой, у якім загінуў.

Я.А.Мойзых.

т. 10, с. 513

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

МО́ЙСТРА,

возера ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 6 км на У ад г. Петрыкаў. Пл. 0,24 км2, даўж. больш як 2,1 км, найб. шыр. 150 м, даўж. берагавой лініі каля 4,5 км. Старычнае. Схілы катлавіны выш. да 4 м, пад хмызняком. Берагі высокія, месцамі абразійныя. Злучана ручаём з р. Прыпяць.

т. 10, с. 513