МОНАГЕНЕТЫ́ЧНЫЯ СМАКТУНЫ́, монагенеі, смактуны-мнагавуснікі (Monogenea, або Monogenoidea),
клас плоскіх чарвей. 2 падкл., каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 5 сям., 50 відаў. Эктапаразіты рыб (на скуры, шчэлепах), некат. — эндапаразіты земнаводных, паўзуноў (напр., чарапах). Кожны від М.с. паразітуе на сваім гаспадары.
Даўж. ад 0,02 да 50 мм. Цела плоскае, падоўжанае. На заднім канцы прымацавальны дыск з кручкамі, двухстворкавымі клапанамі або прысоскамі, падобнымі да рота (адсюль назва — мнагавуснікі). Гермафрадыты Адкладваюць яйцы, некат. жывародныя. Развіццё без змены гаспадароў і змены пакаленняў (адсюль назва — монагенеі).
т. 10, с. 517
МОНАГЕНІ́ЗМ,
(ад мона... + грэч. genos род, паходжанне), антрапалагічная тэорыя пра адзінства паходжання чалавецтва і кроўнай роднасці яго рас (процілеглая тэорыя — полігенізм). Гл. таксама Расы.
т. 10, с. 517
МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),
расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.
т. 10, с. 517
МОНАКЛІНА́ЛЬ (ад мона... + грэч. klinō нахіляюся),
форма залягання слаёў горных парод, якая характарызуецца іх пакатым нахілам у адзін бок. Часта гэта крыло якога-н. шырокага і пакатага падняцця або прагіну слаёў. М. асабліва характэрна для платформ, дзе яны прымеркаваны да крылаў шчытоў, антэкліз і сінекліз. Прыкладам М. з’яўляецца структура, якая ўтворана палеазойскімі тоўшчамі паўд. схілу Балтыйскага шчыта; нахіл слаёў вызначаецца ў 2—2,5 м на 1 км даўжыні.
т. 10, с. 517
МОНАКРЫШТА́ЛЬ,
(ад мона... + крышталі), асобны крышталь з адзінай неперарыўнай крышт. рашоткай. Характэрная асаблівасць М. — залежнасць большасці яго фіз. уласцівасцей ад напрамку (анізатрапія). Усе яго фіз. ўласцівасці (эл., магн., аптычныя, акустычныя, мех. і інш.) звязаны паміж сабой і абумоўлены крышт. структурай, сіламі сувязі паміж атамамі і энергет. спектрам электронаў (гл. Зонная тэорыя).
Многія М. маюць асаблівыя фіз. ўласцівасці: алмаз вельмі цвёрды, сапфір, кварц, флюарыт — надзвычай празрыстыя, ніткападобныя крышталі карунду рэкордна моцныя. Многія М. адчувальныя да знешніх уздзеянняў (святла, мех. напружанняў, магн. і эл. палёў, радыяцыі і інш.) і выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі ў квантавай электроніцы, радыёэлектроніцы, лазернай фізіцы, акустыцы і інш. Прыродныя М. трапляюцца рэдка, найчасцей маюць малыя памеры і вял. колькасць дэфектаў структуры (гл. Дэфекты ў крышталях) Таму ў электронным прыладабудаванні выкарыстоўваюць штучныя М. з дасканалай крышт. структурай, зададзенымі ўласцівасцямі і памерамі (гл. Сінтэтычныя крышталі). Створана вял. колькасць сінтэтычных М., якія не маюць прыродных аналагаў.
Літ.:
Лодиз Р.А., Паркер Р.Л. Рост монокристаллов: Пер. с англ. М., 1974;
Нашельский А.Я. Монокристаллы полупроводников. М., 1978.
т. 10, с. 517
МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),
працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку без севазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.
т. 10, с. 517
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Літ.:
Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.
т. 10, с. 517
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,
слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.
т. 10, с. 517