Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ШКІ (Simulidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.

Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.

Літ.:

Рубцов И.А. Краткий определитель кровососущих мошек фауны СССР. М.; Л., 1962;

Горностаев Г.Н. Насекомые СССР. М., 1970;

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

А.С.Шалапёнак.

Мошка рачная.

т. 10, с. 533

МО́ШНА,

рака ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Чарніца (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 335 км2. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Шэркіна. Цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Асн. прытокі: Брыжоўка, Рубяжніца (злева), Скулянка (справа). Даліна скрынкападобная, звілістая. Пойма двухбаковая. Рэчышча шыр. 4—6 м, у вусцевай ч. 10—12 м. На рацэ г.п. Лёзна.

т. 10, с. 533

МО́ШНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Чарнічанка, за 16 км на ПдЗ ад г. Віцебск. Пл. 1,07 км2, даўж. больш за 2,5 км, найб. шыр. 950 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 8 км. Пл. вадазбору 22 км2. Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пд да 10 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Пойма шыр. ад 10—30 м на Пд і Пн да 100 м на У, забалочаная. Дно да глыб. 0,5—1 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у р. Чарнічанка.

т. 10, с. 533

МО́ШНА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км2, даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км2. Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.

т. 10, с. 533

МО́ШНА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.

т. 10, с. 534

МО́ШНА ((Mošna) Йіндржых) (1.8.1837, Прага — 6.5.1911),

чэшскі акцёр; адзін з заснавальнікаў нац. рэаліст. акцёрскай школы. З 1856 выступаў як прафес. акцёр, гастраліраваў па Аўстрыі з перасоўнай трупай. З 1860 іграў у чэш. правінцыяльных гарадах, з 1864 — у Часовым т-ры ў Празе. Выступаў у драме, оперы, аперэце. З 1883 працаваў у пражскім Нац. т-ры, дзе прапагандаваў рэаліст. рэпертуар. Сярод роляў: Лізал («Марыша» B. і А.Мрштыкаў), Дзівішак, Грушка («Бацька», «Вайнарка» А.Ірасека), Цецераў («Мяшчане» М.Горкага) і інш.

т. 10, с. 534

МО́ШНЯ,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 26 км на ПнЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 1,21 км2, даўж. 1,7 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,4 км. Пл. вадазбору 6,8 км2. Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма шыр. да 250 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно сапрапелістае. Зах. ч. возера зарастае. Выцякаюць ручаі ў воз. Красамай і ў р. Ценіца.

т. 10, с. 534

МО́ШЧЫ,

астанкі людзей, якія падвергліся натуральнай муміфікацыі і аб’яўлены духавенствам цудатворнымі, нятленнымі. Шанаванне М. — элемент культу святых, аб’ект рэліг. пакланення ў праваслаўных і католікаў. М. захоўваюцца і выстаўляюцца ў храмах у т. зв. раках — грабніцах або каўчэгах.

т. 10, с. 534

МО́ШЭЛЕС ((Moscheles) Ігнац) (23.5.1794, Прага — 10.3.1870),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі, з 1808 — у Вене ў І.Г.Альбрэхтсбергера і А.Сальеры. З 1816 гастраліраваў па еўрап. краінах. З 1821 у Лондане, да 1846 праф. каралеўскай Акадэміі музыкі, у 1832—41 дырыжор і адзін з дырэктараў Каралеўскага філарманічнага т-ва. У 1846—70 праф. Лейпцыгскай кансерваторыі. Майстар фп. імправізацыі, развіваў традыцыі В.А.Моцарта і І.Гумеля Выступаў у фп. дуэтах з Ф.Мендэльсонам. Інтэрпрэтатар і прапагандыст музыкі Л.Бетховена. Па даручэнні Бетховена зрабіў клавір яго оперы «Фідэліо» (1814). Аўтар 8 фп. канцэртаў, камерных ансамбляў і інш.

т. 10, с. 534