МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,
узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.
Літ.:
Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;
Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;
Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;
Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
П.П.Шуба.
т. 10, с. 529
МО́ЎНЫ АПАРА́Т,
сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.
Літ.:
Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.
т. 10, с. 529
МО́ЎНЫ ЗНАК,
двухбаковая адзінка моўнай сістэмы, якая мае план зместу і план выражэння. Да М.з. адносяцца: марфема, слова, словазлучэнне, сказ і інш. М.з. проціпастаўляюцца адзінкі моўнай сістэмы, якія не маюць значэння (плана зместу) — фанемы і інтанемы (т.зв. фігуры). Сістэмнасць М.з. выяўляецца ў існаванні паміж імі адносін тоеснасці/проціпастаўленасці (парадыгматыка) і іх здольнасці аб’ядноўвацца і ўтвараць адзінку больш высокага ўзроўню (сінтагматыка). Як і інш. знакі, якімі карыстаецца чалавек для ўспрыняцця, перадачы, захавання і перапрацоўкі інфармацыі, М.з. класіфікуюцца на падставе іх структурных, функцыянальных, семантычных і інш. уласцівасцей.
Літ.:
Гл. пры арт. Знакавая тэорыя мовы, Семіётыка.
А.Я.Міхневіч.
т. 10, с. 529
МО́ЎНЫ САЮ́З,
аб’яднанне некалькіх генетычна не звязаных (няроднасных) моў, у структуры якіх з’явіліся рысы падабенства ў выніку ўзаемадзеяння моў пры пэўных сац.-гіст., геагр. і інш. умовах. У мовах, што ўваходзяць у М.с., шмат аднолькавых слоў, запазычаных мовамі-суседзямі адна ў адной, падабенства граматычных канструкцый. М.с. звычайна суправаджаецца этнагр. агульнасцю: падабенствам фальклору, прыкладнога мастацтва, адзення, сродкаў невербальнай камунікацыі (жэстаў, мімікі). Прыкладам М.с. з’яўляецца балканскі М.с. — балг., македонская, алб., навагрэч., сербская і харвацкая, румынская мовы. Тэрмін «М.с.» упершыню ўвёў М.С.Трубяцкой (1923).
Літ.:
Нерознак В.П. Языковые союзы // Лингвистическая типология. М., 1985.
П.П.Шуба.
т. 10, с. 529
МО́ЎСАН ((Mawson) Дуглас) (5.5.1882, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.10.1958),
аўстралійскі геолаг, падарожнік, даследчык Антарктыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1923). Скончыў Сіднейскі ун-т (1904). З 1905 у Адэлаідскім ун-це, у 1920—54 праф., заг. кафедры. У 1907—09 удзельнічаў у англ. экспедыцыі пад кіраўніцтвам Э.Г.Шэклтана, якая дасягнула Паўд. магнітнага полюса. У 1911—14 кіраўнік аўстрал. экспедыцыі на караблі «Аўрора», у 1929—31 — англа-аўстрала-новазеландскай экспедыцыі на караблі «Дыскаверы». У Антарктыцы М. адкрыў і пазначыў на карце больш за 200 геагр. аб’ектаў. Навук. працы па вывучэнні геалогіі і гляцыялогіі Усх. Антарктыкі і Паўд. Аўстраліі (стратыграфія дакембрыю, геахімія, мінералогія). Імем М. ў Антарктыцы наз. палярная станцыя, паўвостраў, бераг, мора і інш.
т. 10, с. 530
МО́ЎСАНА БЕ́РАГ (Mawson Coast),
краявая частка ледавіковага покрыва цэнтр. і зах. ч. ўзбярэжжа Зямлі МакРобертсана ва Усх. Антарктыдзе. Абмываецца м. Садружнасці. Выш. да 1000—1500 м. Шмат выхадаў карэнных парод. Адкрыты Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй у 1930. Названы ў гонар Д.Моўсана. На М.Б. аўстрал. навук. станцыя Моўсан.
т. 10, с. 530
МО́ЎСАНА МО́РА (Mawson Sea),
ускраіннае мора Індыйскага ак. Абмывае берагі Усх. Антарктыды на працягу больш як 800 км паміж мысамі Візе і Пойнсет. Пл. 333,3 тыс. км2. Размешчана ў межах мацерыковай водмелі. Пераважныя глыб. 200—500 м, найб. глыб. на Пн — больш за 1000 м. Большую ч. года М.м. ўкрыта дрэйфуючымі льдамі, шмат айсбергаў. На беразе аўстрал. навук. станцыя Кейсі. Названа ў гонар Д.Моўсана.
т. 10, с. 530
МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,
рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км2. Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв. Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.
т. 10, с. 530