МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАПАМО́ГІ БАРАЦЬБІТА́М РЭВАЛЮ́ЦЫІ (МОПР),
Міжнародная Чырвоная дапамога. Створана ў канцы 1922 паводле рашэння 4-га кангрэса Камуністычнага інтэрнацыянала. Аказвала матэрыяльную, юрыд., маральную падтрымку палітзняволеным, палітэмігрантам і іх сем’ям, сем’ям загінуўшых рэвалюцыянераў, незалежна ад іх парт. прыналежнасці, праводзіла масавыя кампаніі ў абарону ахвяр паліт. рэпрэсій у Польшчы (у т.л. ў Зах. Беларусі), на Балканах, у Кітаі і інш. краінах, супраць фашызму і вайны. Секцыі МОПРа ў 74 краінах налічвалі (1937) 15 млн. членаў, у т.л. ў СССР — 9 млн. Кіруючыя органы — Выканком (да сак. 1923 — Цэнтр. бюро, у сак. 1923 — ліп. 1924 — ЦК), Прэзідыум і Сакратарыят (выбіраліся Выканкомам) — знаходзіліся ў Маскве, у 1937—39 — у Парыжы. Орган Выканкома — час. «МОПР» (1923—38). У БССР секцыя МОПРа была адной з найбуйнейшых грамадскіх арг-цый. У Мінску быў створаны дом паліт. эмігрантаў, у Станькаве — дзіцячы дом. Секцыя МОПРа ў Зах. Беларусі наз. Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі, выдавала газету «Чырвоная дапамога». З пачаткам 2-й сусв. вайны дзейнасць МОПРа як міжнар. арг-цыі спынілася, яго секцыя ў СССР існавала да 1947.
т. 10, с. 338
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
т. 10, с. 520
МОПР,
гл. Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі.
т. 10, с. 520