Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ГІЛЕЎ (Міхаіл Веньямінавіч) (1.6.1898, г. Звянігародка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.3.1967),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1939), праф. (1946). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1924). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па аварыяльным інкрэце і яго ўзаемаадносінах з ганадатропнымі гармонамі цяжарных.

Тв.:

Эстрогенный инкрет яичника и гонадотропные гормоны беременных. Л., 1939;

Гигиена женщины. 2 изд. Благовещенск, 1961.

т. 10, с. 510

МО́ГІЛЬНІК,

група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл. Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.

Г.В.Штыхаў.

т. 10, с. 510

«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т.л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).

І.А.Пушкін.

т. 10, с. 510

«МОГИЛЁВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвае выданне Магілёўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1883—1917 у Магілёве на рус. мове. Прызначаліся для Магілёўскай правасл. епархіі. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі, у неафіц. — матэрыялы царк.-гіст. характару: пра дзейнасць брацтваў, царк.-прыходскіх школ і інш. навуч. устаноў, гіст. нарысы пра некаторыя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчалі метадычна-дыдактычныя рэкамендацыі правядзення работы з насельніцтвам. У 1991 «М.е.в.» адноўлены.

В.І.Грыгор’ева.

т. 10, с. 510

«МОГИЛЁВСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 19.5(1.6).1906 да 15(28).4.1917 у Магілёве на рус. мове (спачатку губ. праўленнем, з 1913 — прыватнымі выдаўцамі). Падтрымлівала палітыку царызму, асуджала рэв., нац.-вызв. і ліберальна-апазіц. рух. Друкавала «Словы» і «Казанні» мясц. епіскапа, у якіх прапагандавала ідэі рус. праваслаўя і самадзяржаўя, асуджала атэізм, матэрыялізм, філасофію Л.Талстога. Пасля Лют. рэв. 1917 выступала ў падтрымку Часовага ўрада. Тэндэнцыйна абвінавачвала М.Горкага, С.Сяргеева-Цэнскага, Н.Найдзёнава ў натуралізме і дэкадэнцтве. Адмоўна ставілася да футурызму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Абвінавачвала ў сепаратызме газеты «Наша доля» і «Наша ніва», адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць бел. народа; адзначала заслугі Е.Раманава і М.Доўнар-Запольскага ў даследаванні фальклору. Сярод публікацый навукова-папулярныя і этнагр. артыкулы, маст. творы, нарысы мясц. аўтараў. Змяшчала навіны муз. і тэатр. жыцця Магілёва.

У.М.Конан.

т. 10, с. 510

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 6(19).1 да 22.8(4.9).1906 у Магілёве на рус. мове. Мела намер служыць усеагульнай паліт. свабодзе, выказвалася ў падтрымку нац.-вызв. руху і рэвалюцыі. Змяшчала артыкулы пра ролю розных класаў у рэвалюцыі, выступала з прапагандай марксісцкага погляду на грамадства (арт. «Аб Л.М.Талстым і пралетарыяце», «Папулярныя гурткі» і інш.). Давала станоўчую ацэнку творчасці Л.Андрэева, М.Горкага, часам суб’ектыўную — Л.Талстога. Ў аддзеле «Тэатр і музыка» асвятляла культ.-асв. дзейнасць у Гомелі. За падтрымку рэвалюцыі і арганізацыю збору ахвяраванняў для ссыльных газета неаднаразова падвяргалася праследаванням.

У.М.Конан.

т. 10, с. 510

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выходзіла з 13.3 да 10.4.1918 у Магілёве на рус. мове. Абвясціла сябе беспартыйнай, мела на мэце асвятляць падзеі, з’явы і факты мясц. жыцця ва ўмовах акупацыі горада германскімі войскамі і польскімі легіянерамі І.Р.Доўбар-Мусніцкага. Апублікавала справаздачы пра пасяджэнні Магілёўскіх гар. думы і губ. земскай управы, даклад пра Брэсцкі дагавор, артыкул «Беларуская Народная Рэспубліка» (Дрыгавіч). Інфармавала пра Усерасійскі з’езд Саветаў, падзеі ў Петраградзе, Мінску, Гомелі, Смаленску, Бабруйску.

С.Г.Кныш.

т. 10, с. 510