МО́ДА,
1) у тэорыі імавернасцей — любы пункт максімуму размеркавання шчыльнасці імавернасцей выпадковай велічыні. Размеркаванні з адной ці некалькімі М. наз. адпаведна унімадальнымі (аднавяршыннымі) і мультымадальнымі. Для унімадальнага сіметрычнага адносна пункта а размеркавання М. роўная a і супадае з медыянай і матэматычным чаканнем (калі яно існуе).
2) У фізіцы — тып ваганняў (нармальныя ваганні) у размеркаваных вагальных сістэмах (гл. Аб’ёмны рэзанатар, Аптычны рэзанатар); тып хваль (нармальныя хвалі) у хваляводных сістэмах і хвалевых пучках (гл. Радыёхвалявод, Квазіоптыка). Тэрмін «М.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да любога хвалевага поля (па-за межамі яго крыніцы), якое мае пэўную прасторавую структуру, напр., М. лазернага выпрамянення.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)