МО́ДУЛЬ (ад лац. modulus мера) у архітэктуры, умоўная адзінка, што ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, збудавання або комплексу. Адзін з асн. сродкаў арх. кампазіцыі, які выкарыстоўваецца для прывядзення ў гарманічнае адзінства памераў цэлага і яго частак (напр., залатое сячэнне).
Вядомы са старажытнасці. У залежнасці ад асаблівасцей буд. тэхнікі і кампазіцыі будынкаў за М. прымаліся розныя велічыні: у стоечна-бэлечных канструкцыях (гл. Ордэр) — радыус або дыяметр калоны, шырыня трыгліфа ці памер буд. вырабу (цэглы, бервяна), у сценавых канструкцыях — таўшчыня сцяны, у крыжова-купальных збудаваннях — дыяметр купала ці стараны падкупальнага памяшкання. Для вызначэння абсалютнай велічыні будынка ў якасці М. выкарыстоўвалі меры даўжыні (фут, сажань, метр і інш.), якія ўтварылі т. зв. лінейны М. У 2-й пал. 20 ст. з прагрэсам буд. тэхнікі, тыпізацыі буд-ва і індустрыялізацыі масавага домабудавання лінейны М. набыў вял. тэхн. значэнне як сродак узгаднення планіровачных і канстр. элементаў будынкаў, іх уніфікацыі і стандартызацыі. Айчыннымі, замежнымі і міжнар. нормамі і стандартамі ўстаноўлены асн. М. памерам у 100 мм. Для вызначэння аб’ёмна-планіровачных памераў будынкаў выкарыстоўваюць узбуйненыя М. (ЗМ., 6М., 12М., 15М., 30М., 60М.), для вызначэння сячэння дробных дэталяў, зазораў паміж імі — дробныя М.
С.А.Сергачоў.
т. 10, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)