Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЎКАВЫ́СКІ САЎГА́С-ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1956 у г. Ваўкавыск як зоаветэрынарны тэхнікум. У 1979 рэарганізаваны ў саўгас-тэхнікум. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): ветэрынарыя, заатэхнія. Мае аддзяленне павышэння кваліфікацыі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 4, с. 43

«ВАЎКАВЫСКЦЭМЕНТНАШЫФЕР»,

арэнднае прадпрыемства ў г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Створана ў 1914 як Краснасельскі цэментны з-д, які быў адным з буйнейшых у Расіі. У сав. час рэканструяваны, з 1973 Ваўкавыскі цэментны з-д «Перамога» — галаўное прадпрыемства ВА «Ваўкавыскцэментнашыфер». З 1990 сучасная назва. Уключае з-д азбестацэментавых вырабаў (працуе з 1972), вапнавы з-д (з 1973), «Ваўкавыскцэмбуд» (з 1987) і кар’ераўпраўленне (з 1988). Працуе на мясц. цэментных глінах і меле, азбест пастаўляюць прадпрыемствы Расіі. Асн. прадукцыя (1996): партландцэмент розных марак, шлакапартландцэмент, вапна для буд-ва, азбестацэментавыя лісты (шыфер) і трубы, грануляваны кармавы мел і інш.

т. 4, с. 43

ВАЎКАЛА́К

(ад стараслав. влък воўк + длакъ поўсць),

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў; пярэварацень, чалавек, які чароўным спосабам ператварыўся ў воўка. Уяўлялі, што ў адрозненне ад звычайнага воўка ваўкалак больш высокага росту, з вялікай галавой, чатырма вачыма, вые не па-воўчы, а стогне і плача, як чалавек. Паводле паданняў, ваўкалакаў падзялялі на дзве групы: ваўкалакі — фантастычныя істоты, у якіх нібыта ператваралі людзей чараўнікі, і ваўкалакі, у якіх ператвараліся самі чараўнікі.

Генетычна вобраз ваўкалака звязаны з татэмізмам, абрадамі пераапранання ў шкуры татэмных жывёл, якім пакланяліся (у мінулым гуцулы нават спраўлялі свята воўка). Паступова вобраз ваўкалака страціў рэліг. значэнне і захаваўся ў фальклоры як фантастычны персанаж.

М.Ф.Піліпенка.

т. 4, с. 43

ВАЎКАЛА́ТА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).

т. 4, с. 44

ВАЎКІ́,

вёска ў Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на шашы Віцебск—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на У ад г. Паставы, 208 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Навадруцк. 252 ж., 99 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 44

ВАЎКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на У ад Навагрудка, 172 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Наваельня. 319 ж., 143 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 44

ВАЎНЯ́НКА,

ваўнянка ружовая, ваўнуха (Lactarius torminosus), шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў барэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.

Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.

т. 4, с. 44

ВАЎНЯ́НКА БЕ́ЛАЯ,

гл. Бялянка.

т. 4, с. 44

ВАЎНЯ́НКІ

(Lymantriidae, Orgyidae),

сямейства насякомых атр. матылёў. У сусв. фауне каля 4 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце, найб. шматлікія ў вільготных трапічных лясах Азіі і Афрыкі. На Беларусі 12 відаў, сярод іх манашка, ваўнянка вярбовая (Leucoma salicis), залатагузка (Euproctis chrysorrhoea), няпарны шаўкапрад (Lymantria dispar) — шкоднікі пладовых і лясных дрэў.

Начныя матылі. Крылы ў размаху 25—70 мм. Цела патоўшчанае, густа апушанае. Ротавыя органы рудыментарныя (матылі не кормяцца). Кукалкі развіваюцца ў коканах. Вусені з пучкамі валаскоў на членіках, мнагаедныя, кормяцца лісцем пераважна дрэвавых раслін. Зімуюць у розных стадыях, часцей вусені.

т. 4, с. 44

ВАЎПША́САЎ Станіслаў Аляксеевіч

(27.7.1899, в. Грузджай Шаўляйскага р-на, Літва — 19.11.1976),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пачатку Вял. Айч. вайны камандзір батальёна асобнай мотастралк. брыгады спец. прызначэння, якая абараняла Маскву. З сак. 1942 у тыле ворага: камандзір спец. атрада «Мясцовыя», які дзейнічаў у Мінскай вобл., у 1943 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. У час вайны з Японіяй (1945) узначальваў у Маньчжурыі аператыўную групу. Да 1958 у органах дзярж. бяспекі.

т. 4, с. 44