ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР,
вандроўная трупа, тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст. — Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгаснасаўгасныя т-ры, Трупа У.Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.
т. 3, с. 501
ВАНДРЫЕ́С
(Vendryes) Жазеф (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),
французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.
т. 3, с. 502
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.
У.Я.Калаткоў.
т. 3, с. 502
ВАНДЭРВЕ́ЛЬДЭ
(Vandervelde) Эміль (25.1.1866, Іксель, Бельгія — 27.12.1938),
палітычны дзеяч Бельгіі, юрыст, эканаміст. З 1885 чл. Бельгійскай сацыяліст. партыі, з 1933 яе старшыня. Адзін з заснавальнікаў (1889) і кіраўнікоў Інтэрнацыянала 2-га (старшыня выканкома ў 1900—14). З 1894 дэп. парламента, з 1914 чл. урада. У 1918—37 неаднаразова займаў пасады міністра юстыцыі, замежных спраў, аховы здароўя. Прадстаўнік Бельгіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, падпісаў Версальскі мірны дагавор 1919. У 1922 прысутнічаў як абаронца на працэсе правых эсэраў у Маскве. У якасці міністра замежных спраў падпісаў Лакарнскія дагаворы 1925. У 1929—36 старшыня Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала. У сваіх працах выступаў за спалучэнне марксісцкіх ідэй і рэфармісцкіх метадаў.
т. 3, с. 502
ВАНДЭ́Я
(Vendée),
гістарычная вобласць у Зах. Францыі, на Пд ад вусця Луары. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 была цэнтрам паўстанняў раялістаў (1793—96, 1799/1800; гл. Вандэйскія войны). Мясц. сяляне падтрымлівалі дваранства і асабліва духавенства. У 1815 і 1832 яны зноў змагаліся за права на трон Бурбонаў. У пераносным значэнні Вандэя — сімвал контррэвалюцыі.
т. 3, с. 502
ВАНЕ́ЕЎ Уладзімір Рыгоравіч
(6.8.1896, в. Шыпічоўшчына Кацельніцкага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 12.10.1941),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1915 на Зах. фронце. Удзельнік грамадз. вайны. Вучыўся ў прамысл. акадэміі ў Маскве. 3 кастр. 1937 старшыня выканкома Мінскага гарсавета, са жн. 1938 нарком гандлю БССР, з сак. 1939 нам. старшыні СНК БССР, з сак. 1941 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 брыгадны камісар, чл. ваен. савета 19-й арміі Зах. фронту. Загінуў у баі. Чл. ЦК КП(б)Б з 1940, чл. Бюро ЦК КП(б)Б з сак. 1941. Чл. ЦВК СССР у 1927—29. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937.
т. 3, с. 502
«ВА́НЕМУЙНЕ»,
Эстонскі акадэмічны тэатр «Ванемуйне», старэйшы т-р Эстоніі, які аб’ядноўвае оперу, драму, аперэту і балет. Засн. ў 1870 у Тарту па ініцыятыве эст. паэтэсы і драматурга Л.Койдула, п’есы якой паклалі аснову нац. драматургіі. Спектаклі ставіліся пры пеўчым т-ве «Ванемуйне» (ад імя бога песні ў эст. міфалогіі). З 1906 прафесійны. У 1966 прысвоена званне акадэмічнага.
т. 3, с. 502
ВА́НЖУРА
(Wanžura, Vančura) Эрнест (1750?, Вамберк, Чэхія — студз. 1802),
кампазітар і клавесініст. Па паходжанні чэх. Барон. Служыў у войсках аўстр. імператара Іосіфа II. У 1780 запрошаны графам С.Г.Зорычам у прыдворны т-р у Шклове. Аўтар лібрэта, музыкі і дэкарацый «Пантамімы з алегорыямі», паст. у Шклове 30.5.1780 у прысутнасці Кацярыны II і Іосіфа II. З 1783 муз. кіраўнік у выхаваўчым доме, інспектар муз. класаў Пятроўскага т-ра ў Маскве, у 1786—97 у дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу, капельмайстар і прыдворны клавесініст. Сярод твораў: камічныя оперы «Храбры і смелы віцязь Архідэіч» (паст. 1787), «Апякун падмануты»; З сімфоніі на слав. тэмы (на ўкр., рус. і польск.). У 1785—94 выдаваў муз. часопіс.
Г.І.Барышаў.
т. 3, с. 502
ВАНІЛІ́Н,
метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід, CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.
т. 3, с. 502
ВАНІ́ЛЬ
(Vanilla),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў тропіках. Некалькі відаў, пераважна ваніль духмяная, або пляскаталістая (V. fragrans), помпавая (V. pompona) і таіцянская (V. tahitensis), культывуюцца ў трапічных краінах для атрымання пладоў, у якіх ёсць ванілін. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюцца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі і аматарамі.
Наземныя або эпіфітныя шматгадовыя травяністыя ліяны. Сцябло доўгае, лазячае з дапамогай шматлікіх паветр. каранёў. Лісце простае, сядзячае, бліскучае. Кветкі пераважна белавата-жоўтыя або белавата-зеленаватыя, сабраныя па 15—20 у суквецці. Плод — доўгая струкападобная каробачка з шматлікім вельмі дробным насеннем. Харч., дэкар. і лек. расліны.
т. 3, с. 503