ВАКО́ЛІЦА,
аколіца (ад усх.-слав. околоти абкружаць, абгароджваць, абносіць каламі), наваколле, акруга або агароджа вакол вёскі.
т. 3, с. 464
ВАКО́ЛІЧНАЯ ШЛЯ́ХТА,
адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты Беларусі ў 16—19 ст. Называлася таксама шляхтай засцянковай, заградовай, загоннай, шарачковай і інш. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна ж набліжалася да прац. сялянства. Паходзіла са свабодных людзей (баяр, зямян і інш.), якія маглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглава-чыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі). Зямлёй валодала паводле родава-спадчыннага права, апрацоўвала яе самастойна, але ў дапамогу нярэдка наймала агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У 1796 у 8 паветах б. ВКЛ складала 61% усёй шляхты, у 1839 у зах. губернях Рас. імперыі — 56%. Указам Мікалая І ад 19.10.1831 ваколічная шляхта выключана з дваранскага саслоўя і пераведзена ў катэгорыю аселых аднадворцаў.
Я.К.Анішчанка.
т. 3, с. 464
ВА́КСМАН
(Waksman) Зельман Абрахам (22.7.1888, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.8.1973),
амерыканскі мікрабіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША. Д-р філасофіі (1918), праф. (1930). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Сан-Францыска (1918). У 1918—58 у Роджэрскім ун-це, адначасова з 1931 у Ін-це акіянаграфіі ў г. Вудс-Хол, у 1949—58 дырэктар Ін-та мікрабіялогіі Роджэрскага ун-та. Навук. працы па глебавай і марской мікрабіялогіі, вывучэнні антыбіётыкаў. Увёў тэрміны «антыбіёз» і «антыбіётык». Вынайшаў стрэптаміцын (1944). Нобелеўская прэмія 1952.
т. 3, с. 464
ВА́КСМАН Ісак Фёдаравіч (25.7.1922, г.п. Краснаполле Магілёўскай вобл. — 19.12.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Днепрапятроўскім трансп. ін-це (1938—40). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1942 удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Дняпры, Северскім Данцы. 26.11.1943 батарэя пад камандаваннем ст. лейт. Ваксмана пры фарсіраванні Дняпра каля Запарожжа пад агнём ворага падавіла 15 агнявых пунктаў, адбіла 10 контратак. Загінуў у баі.
т. 3, с. 464
ВАКУ́ЛЬСКІ Аляксандр Васілевіч
(28.8.1922, в. Калтыманава Іглінскага р-на, Башкортастан — 31.7.1990),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Тамбоўскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1942). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943, камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік баёў на Віцебска-Полацкім напрамку, вызвалення Літвы і Латвіі, разгрому кёнігсбергскай групоўкі ворага. Капітан Вакульскі зрабіў 111 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў 3 самалёты, знішчыў вял. колькасць ваен. тэхнікі ворага. У 1946—62 у грамадз. авіяцыі.
т. 3, с. 464
ВАКУО́ЛЯ
(франц. vacuole ад лац. vacuus пусты),
поласць у цытаплазме жывёльных і раслінных клетак, абмежаваная мембранай і запоўненая вадкасцю. У цытаплазме прасцейшых знаходзяцца стрававальныя вакуолі (маюць ферменты, якія раскладаюць рэчывы) і скарачальныя вакуолі (выконваюць функцыі асмарэгуляцыі і выдзялення). Для шматклетачных жывёл характэрны стрававальныя і аўтафагіруючыя вакуолі; яны ўваходзяць у групу другасных лізасом і маюць гідралітычныя ферменты. У раслін вакуолі — вытворныя эндаплазматычнай сеткі, акружаныя пранікальнай мембранай — танапластам. Функцыі вакуоляў: рэгуляцыя водна-салявога абмену, падтрыманне тургарнага ціску ў клетцы, назапашванне нізкамалекулярных водарастваральных метабалітаў, запасных рэчываў і выдаленне з абмену таксічных рэчываў.
т. 3, с. 464
ВА́КУУМ у квантавай тэорыі поля, асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш. квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.
Флуктуацыі вакуума тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.
Літ.:
Гл. пры арт. Квантавая тэорыя поля.
Я.А.Таўкачоў.
т. 3, с. 464
ВА́КУУМ
(ад лац. vacuum пустата) у тэхніцы, стан разрэджанага газу пры цісках, значна меншых за атмасферны. Паводзіны газу ў вакуумных прыстасаваннях вызначаюцца суадносінамі паміж даўжынёй свабоднага прабегу l малекул або атамаў і памерам d, характэрным для дадзенай прылады ці працэсу (напр., адлегласць паміж сценкамі сасуда, дыяметр трубаправода, адлегласць паміж электродамі). У залежнасці ад суадносін l і d адрозніваюць вакуум нізкі (пры l),
сярэдні (пры l ≈ d) і высокі (пры l ≫ d). Пры яшчэ меншых цісках вакуум называюць звышвысокім, калі ў 1 см³ застаецца ўсяго некалькі дзесяткаў малекул (пры атм. ціску ў 1 см³ іх ~1019).
У вакуумных прыладах і ўстаноўках з d ≈ 10 см нізкаму вакууму адпавядае вобласць ціскаў вышэй за 100 Па, сярэдняму — ад 100 да 0,1 Па, высокаму — ад 0,1 да 10-6 Па, звышвысокаму — ніжэй за 10-6 Па. Уласцівасці газу ў нізкім вакууме вызначаюцца частымі сутыкненнямі паміж малекуламі газу, цячэнне газу вязкаснае, гал. роля ў праходжанні току належыць іанізацыі малекул. У высокім вакууме ўласцівасці газу вызначаюцца сутыкненнямі яго малекул са сценкамі сасуда, ток праходзіць толькі пры наяўнасці эмісіі электронаў і іонаў электродамі. Уласцівасці газу ў сярэднім вакууме прамежкавыя. Звышвысокі вакуум вызначаецца паводзінамі ў вакууме паверхняў цвёрдых цел. Ствараецца і падтрымліваецца вакуум вакуумнымі помпамі, вентылямі, клапанамі і інш. прыстасаваннямі і прыладамі (гл. Вакуумная тэхніка)-, вымяраецца вакуумметрамі. Выкарыстоўваецца вакуум ў вакуумнай металургіі, пры вакуумаванні бетону і сталі, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, стварэнні вакуумных пакрыццяў і інш.
У.М.Сацута.
т. 3, с. 464
ВАКУУМАВА́ННЕ бетону, выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаунды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.
т. 3, с. 464
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
т. 3, с. 465