БЛІНЫ́,
традыцыйны бел. мучны выраб; вядомы і інш. слав. народам. Лакальная назва блінцы. Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыраквашы, сыроватцы. Бліны рабіліся кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на подмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невял. тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 193
БЛІСЦІ́НАЎ Міхась
(Міхаіл Міхайлавіч; 19.10.1909, в. Іванкава Масальскага р-на Калужскай вобл. — 24.12.1982),
бел. пісьменнік. У 1910 пераехаў з бацькамі на Беларусь (в. Лебедзеўка Кармянскага р-на). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1930—32), скончыў Кінаакадэмію ў Маскве (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на кінастудыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1926. Друкаваў вершы (пад псеўд. Міхась Чаромха), апавяданні, нарысы. Аўтар п’ес («Агні Палесся», 1931; «Мох», 1932, і інш.), аповесці «Хітрасць» (1934), сцэнарыя маст. фільма «Строгая жанчына» (1957), дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. На бел. мову пераклаў раман А.Талстога «Пётр Першы» (1940), аповесць А.Франса «Крэнкебіль» (1936) і інш.
т. 3, с. 193
БЛІШЧ Міхаіл Андрэевіч
(7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),
бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і «Алека» С.Рахманінава (1949), «Марынка» Р.Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Жызэль» А.Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.Карнавухавай і Л.Браўсевіча (1952, т-р імя Я.Купалы), «Гады вандраванняў» А.Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.
П.А.Карнач.
т. 3, с. 193
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
т. 3, с. 193