БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),

бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні і «Алека» С.​Рахманінава (1949), «Марынка» Р.​Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.​Карнавухавай і Л.​Браўсевіча (1952, т-р імя Я.​Купалы), «Гады вандраванняў» А.​Арбузава (1954, Гомельскі абл. драм. т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў для танц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.

П.​А.​Карнач.

М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні. 1949.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)