Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЛОХ Ісідар Рыгоравіч

(18.9.1888, Варшава — 10.3.1958),

бел. вучоны ў галіне тарфяной прам-сці. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), праф. (1939). Скончыў Маскоўскае Вышэйшае тэхн. вучылішча (1916). З 1932 у Бел. тарфяным, потым Політэхн. ін-тах, з 1940 у Ін-це торфу АН Беларусі. З 1941 у Маскве. Навук. працы па тэорыі, канструяванні і разліку тарфяных машын.

т. 3, с. 196

БЛОХ

(Bloch) Конрад Эміль (н. 21.1.1912, г. Ныса, Польшча),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1954). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Мюнхене (1934), Калумбійскі ун-т (1938). З 1938 працаваў у Калумбійскім, Чыкагскім, з 1954 праф. у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па ізатопным аналізе клетачнага метабалізму, праблемах біясінтэзу і хім. будовы стэроідаў, парфірынаў, ферментаў. Вызначыў ролю халестэрыну ў абмене рэчываў у жывёл і асн. этапы яго біясінтэзу. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з Ф.Ліненам).

т. 3, с. 196

БЛОХ

(Bloch) Фелікс (23.10.1905, г. Цюрых, Швейцарыя — 10.9.1983),

амерыканскі фізік, адзін са стваральнікаў квантавай тэорыі цвёрдага цела. Чл. Нацыянальнай АН (1948). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1928). У 1934—77 у Станфардскім ун-це (з 1956 праф.), адначасова ў 1954—55 дырэктар Еўрап. цэнтра ядз. даследаванняў. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы. Распрацаваў тэорыю энергет. спектра крышталёў, тэмпературнай залежнасці намагнічанасці ферамагнетыкаў паблізу абс. нуля. Адкрыў (1946, незалежна ад Э.Пёрсела) ядз. магнітны рэзананс. Аўтар манаграфіі «Малекулярная тэорыя магнетызму» (1936). Нобелеўская прэмія 1952.

т. 3, с. 196

БЛО́ХІ

(Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),

атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (С. canis).

Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.

т. 3, с. 196

БЛО́ЦКАЯ Жанна Віктараўна

(н. 10.12.1940, в. Грабень Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-вірусолаг. Д-р с.-г. н. (1990). Скончыла Гродзенскі с.-г. ін-т (1963). З 1972 у Бел. НДІ аховы раслін. Навук. працы па селекцыі вірусаўстойлівых сартоў і ахове насеннай бульбы ад вірусных і вірусападобных хвароб.

Тв.:

Методы селекции картофеля на устойчивость к вирусным болезням. Мн., 1984;

Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.

т. 3, с. 196

БЛО́ШКІ,

земляныя блохі, блашакі (Alticinae, Halticinae), падсямейства жукоў сям. лістаедаў. У сусв. фауне больш за 7 тыс. відаў, пашыраных усюды. На Беларусі больш за 80 відаў.

Даўж. цела 1,5—5 мм. Заднія ногі скакальныя. Яйцы адкладваюць у глебу, радзей на расліны. Лічынкі развіваюцца ў глебе пераважна на каранях, радзей на сцяблах або лісці кармавых раслін. Акукліваюцца ў глебе. Дарослыя блошкі раслінаедныя, кормяцца зялёнымі ч. раслін, зрэдку генератыўнымі органамі. Шкоднікі. Меры барацьбы: знішчэнне пустазелля, правільная агратэхніка, апрацоўка інсектыцыдамі.

т. 3, с. 196