БЛО́ХІ
(Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (С. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
т. 3, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)