Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),

род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.

Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.

А.М.Петрыкаў.

Падкаменшчык звычайны.

т. 11, с. 498

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

ПАДКАМО́РЫ,

службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял. князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.

Я.А.Юхо.

т. 11, с. 498

ПАДКА́НЦЛЕР,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн. Б.Глінскі — П. вял. кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш. дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.

А.П.Грыцкевіч.

т. 11, с. 499

ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс. км2. Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г. Жэшаў. Найб. гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн. ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).

т. 11, с. 499

ПАДКАСЦЁЛАК,

другая назва воз. Галадзянка.

т. 11, с. 499

ПАДКІСЛЕ́ННЕ ГЛЕБ,

павелічэнне кіслотнасці глебы прыродным (натуральным) шляхам ці пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння. Мае адмоўны характар, найчасцей звязана з выпаданнем кіслотных дажджоў і з’яўляецца адным з відаў забруджвання глеб (за выключэннем штучнага падкіслення шчолачных глеб у с.-г. вытв-сці, лесаводстве і інш.).

т. 11, с. 499

ПАДКЛЕ́ЦЦЕ ў драўляным дойлідстве,

ніжні, звычайна нежылы паверх дома ці гасп. пабудовы. П. ў сял. буд-ве на Беларусі сустракаліся рэдка, пераважна на ПнУ. Вядомы ў сядзібным і замкавым дойлідстве 16—18 ст. У П. жылых дамоў размяшчалі каморы, стайні і інш. гасп. памяшканні, часам жыллё прыслугі, кухню, пякарню. Рабілі П. ў некат. гасп. збудаваннях (клецях, свірнах). Ролю П. ў гар. жыллі 18 — пач. 20 ст. нярэдка выконвалі ніжнія мураваныя паверхі, дзе размяшчаліся складскія памяшканні, крамы, майстэрні.

т. 11, с. 499

ПАДКО́РМКА ЖЫВЁЛ,

паляпшэнне кармавой базы ў месцах пражывання дзікіх жывёл і птушак у неспрыяльныя перыяды. Праводзіцца пераважна ў заказніках і запаведніках і інш. Садзейнічае зберажэнню і павелічэнню колькасці каштоўных паляўнічых і ахоўных жывёл, паляпшае магчымасці ўзнаўлення іх папуляцый. Адрозніваюць комплексную (у кармах ёсць усе пажыўныя кампаненты) і спецыфічную (кампенсуе нястачу ў прыродных кармах асобных рэчываў). Характар і памеры П.ж. залежаць ад відавога складу і колькасці жывёл, ураджаю і даступнасці прыродных кармоў. Для жывёл выкарыстоўваюць сена, зерне, караняплоды, камбікармы, для птушак — адходы зерня. На Беларусі падкормліваюць аленяў, казуль, дзікоў, зайцоў, лісоў, шэрых курапатак, сініц і інш.

Да арт. Падкормка жывёл. Тыпы падкормачных столікаў для птушак.

т. 11, с. 499

ПАДКО́РМКА РАСЛІ́Н,

угнойванне с.-г. культур на працягу вегетацыйнага перыяду. Дапаўняе дапасяўное ўгнойванне, узмацняе жыўленне раслін, павышае іх ураджайнасць. Эфектыўнасць П.р. залежыць ад надвор’я, уласцівасцей угнаенняў (растваральнасць у вадзе, ступень перамяшчэння ў глебе і інш.). Бываюць П.р. каранёвая (угнаенні ўносяць у глебу, засвойваюцца праз карані) і пазакаранёвая (угнаеннямі апрацоўваюць зялёныя ч. раслін, засвойваюцца праз сцёблы і лісце).

Каранёвая П.р. — раскідванне сухіх угнаенняў з загортваннем у глебу ці без загортвання, унясенне вадкіх угнаенняў (напр., пры паліве); для азімых культур найб. эфектыўная ранняй вясной, для збожжавых — у пачатку калашэння. Пазакаранёвая П.р. — апырскванне раслін вадкімі ці апыльванне парашкападобнымі ўгнаеннямі; найб. эфектыўная для некат. збожжавых, прапашных, кармавых культур у 2-й пал. вегетац. перыяду.

т. 11, с. 499