ПАДКАМО́РЫ,
службовая асоба ў ВКЛ. П. прыдворны адказваў за парадак і ўбранства ў пакоях вял. князя, быў яго дарадчыкам і ўваходзіў у склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Прызначаўся з буйных феадалаў. П. павятовы разглядаў зямельныя спрэчкі паміж шляхтай у падкаморскім судзе, удзельнічаў у разглядзе спраў у каптуровым судзе. Прызначаўся вял. князем з 4 кандыдатаў, выбраных шляхтай на павятовым сейміку. Гэту пасаду мог займаць толькі шляхціц-хрысціянін, ураджэнец ВКЛ, які валодаў маёнткам у гэтым павеце, ведаў права. П. прызначаў сабе з мясц. шляхты 1—2 памочнікаў — каморнікаў, якія вымяралі спрэчныя землі, а таксама па яго даручэнні разглядалі дробныя справы.
Я.А.Юхо.
т. 11, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)