ПАДКА́МЕНШЧЫКІ, бычкі-падкаменшчыкі (Cottus),

род рыб сям. керчакавых атр. скарпенападобных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, зрэдку трапляюцца ў, перадвусцевых участках мора. Донныя маларухомыя жывёлы. Актыўныя на змярканні і ноччу. Жывуць паасобку ў водных зарасніках або пад камянямі (адсюль назва). На Беларусі П. звычайны (C. gobio, нар. назвы аўдотка, бычок, галавач, пундач, пячкур, шыракалобка) трапляецца ў рэках і ручаях з хуткім цячэннем і камяністым дном, у многіх азёрах Бел. Паазер’я.

Даўж. да 12 см. Галава вял., пляскатая. Вочы чырванаватыя, на верхнім баку галавы Цела голае, шаравата-бурае або зеленаватае, з цёмнымі плямамі. Спінных плаўнікоў 2 (1-ы меншы за 2-і). Кормяцца лічынкамі насякомых, ікрой і маляўкамі рыб. Перад нерастам самец будуе прымітыўнае гняздо, потым ахоўвае ікру і малявак.

А.М.Петрыкаў.

Падкаменшчык звычайны.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)