Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ,

здабыча некаторых (асобных) кампанентаў цвёрдага рэчыва з дапамогай растваральніку. Заснавана на здольнасці гэтага кампанента растварацца ў вадкасці (напр., вадзе, водных растворах кіслот, шчолачах) лепш за інш. кампаненты матэрыялу. Выкарыстоўваецца ў гідраметалургіі, горнай і хім. прам-сці, вытв-сці цукру, дубільных рэчываў.

т. 4, с. 330

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

вымыванне з глебы і перамяшчэнне ў ніжнія гарызонты і грунтавыя воды растваральных рэчываў (хларыдаў, сульфатаў, нітратаў, карбанатаў і інш.). Развіваецца ва ўмовах прамыўнога рэжыму, увільгатнення, калі паступленне вільгаці з атм. ападкамі перавышае расход яе на выпарэнне і транспірацыю расліннасцю (вышчалачаныя чарназёмы і глебы паўн. шырот).

т. 4, с. 330

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.

т. 4, с. 330

ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ,

вертыкальная занальнасць, заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.

Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).

А.М.Матузка.

т. 4, с. 330

ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА,

горная хвароба, паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл. Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.

т. 4, с. 330

ВЫШЫ́НСКІ Андрэй Януаравіч

(10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),

савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.

Літ.:

Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.

т. 4, с. 330

ВЫШЫ́НСКІ Міхась

(Міхаіл Антонавіч; 27.1.1940, Мінск — 18.1.1996),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Настаўнічаў на Лагойшчыне, у 1967—70 працаваў у выд-ве «Беларусь», час. «Нёман», у 1970—75 на Бел. радыё. Друкаваўся з 1959. Пісаў пра жыццё вясковай інтэлігенцыі, пошукі моладдзю свайго жыццёвага шляху (зб. апавяданняў «Вокны ўначы», 1969, «Крыніца, светлая вадзіца», 1979, «У полі, за сялом...», 1981; аповесць «На павароце», 1971). Апавяданні пераважна лірычныя, у іх паэтызуецца свет прыроды, душэўны стан герояў, іх перажыванні. Аўтар зб. нарысаў «Людзі вясны» (1982), твораў для дзяцей.

Тв.:

На павароце: Аповесць і апавяданні. Мн., 1973;

Гул медзянога бору. Аповесць, апавяданні. Мн., 1992.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 331

ВЫШЫНЯМЕ́Р,

1) Вышынямер авіяцыйны, альтыметр, прылада для вымярэння вышыні палёту лятальнага апарата над зямлёй. Адрозніваюць бараметрычныя вышынямеры (гл. Анероід) і радыёвышынямеры. Дзеянне бараметрычных вышынямераў заснавана на залежнасці атм. ціску ад вышыні палёту. Паказвае вышыню адносна месца ўзлёту. Радыёвышынямер працуе на прынцыпе адбіцця радыёхваль ад паверхні зямлі. Паказанні адпавядаюць сапраўднай вышыні палёту.

2) Вышынямер лесатаксацыйны, прылада для вымярэння вышыні дрэў і вугла іх нахілу. Заснавана на прынцыпе пабудовы падобных трохвугольнікаў.

3) Вышынямер геадэзічны, прылада для вызначэння перавышэння адных пунктаў над другімі (гарызонтаў): нівелір, тэадаліт, экліметр і інш. геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 4, с. 331

ВЫШЫНЯ́ СВЯЦІ́ЛА,

гл. ў арт. Нябесныя каардынаты.

т. 4, с. 331

ВЫШЫНЯ́ СЯЧЭ́ННЯ РЭЛЬЕ́ФУ,

рознасць вышынь дзвюх суседніх гарызанталей на тапаграфічнай карце ці плане. У залежнасці ад маштабу і прызначэння карты (плана) карыстаюцца вышынямі 0,5; 1; 2,5; 10 м і інш.

т. 4, с. 331