ВЫШЫНЯМЕ́Р,

1) Вышынямер авіяцыйны, альтыметр, прылада для вымярэння вышыні палёту лятальнага апарата над зямлёй. Адрозніваюць бараметрычныя вышынямеры (гл. Анероід) і радыёвышынямеры. Дзеянне бараметрычных вышынямераў заснавана на залежнасці атм. ціску ад вышыні палёту. Паказвае вышыню адносна месца ўзлёту. Радыёвышынямер працуе на прынцыпе адбіцця радыёхваль ад паверхні зямлі. Паказанні адпавядаюць сапраўднай вышыні палёту.

2) Вышынямер лесатаксацыйны, прылада для вымярэння вышыні дрэў і вугла іх нахілу. Заснавана на прынцыпе пабудовы падобных трохвугольнікаў.

3) Вышынямер геадэзічны, прылада для вызначэння перавышэння адных пунктаў над другімі (гарызонтаў): нівелір, тэадаліт, экліметр і інш. геадэзічныя прылады і інструменты.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)