Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУЛУНДЗІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Кулундзінскі стэп, Кулунда,

раўніна на Пд Зах. Сібіры ў Алтайскім краі Расіі і Паўладарскай вобл. Казахстана. Размешчана ў міжрэччы Обі і Іртыша. На ПдУ прылягае да перадгор’яў Алтая, на Пн мяжуе з Барабінскім стэпам. Пл. каля 100 тыс. км². Выш. ад 100 — да 250 м. Паверхня хвалістая з характэрным чаргаваннем грыў (выш. да 60 м) і паніжэнняў, занятых рэкамі (Кучук, Кулунда, Бурла і інш.) і бяссцёкавымі азёрамі. У азёрах запасы соды (Петухоўскія, Танатарскія азёры), мірабаліту (Кулундзінскае, Кучукскае) і кухоннай солі (Вял. і М. Яравое). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -19 °C, ліп. 19—22 °C. Гадавая колькасць ападкаў 250—350 мм. На Пн і У злакавыя стэпы на паўд. чарназёмах, на Пд і 3 палынова-злакавыя на каштанавых глебах. На схілах грыў — «стужачныя» хваёвыя бары і бярозава-асінавыя колкі. Малочная жывёлагадоўля, збожжавая гаспадарка.

т. 9, с. 9

КУ́ЛЬБАК (Майсей Саламонавіч) (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, З.Бядуля, В.Вольскі, Х.Жычка, І.Калеснік, Г.Кляўко, У.Паўлаў, Я.Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — Зельманцы. Мн., 1960;

Выбранае. Мн., 1970;

Рус. пер. — Стихотворения;

Поэмы. М., 1969.

т. 9, с. 9

КУЛЬБА́ЧЫНА,

гарадзішча 10—13 ст. каля в. Кульбачына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У выніку даследаванняў выяўлены развалы печаў-каменак, жал. прылады працы і зброя, ганчарная кераміка, упрыгожанні і інш. Рас. археолаг В.В.Сядоў, які ў 1968 даследаваў помнік, лічыў яго стараж. г. Астрэя. Аднак раскопкі на беразе воз. Астрые (Пскоўская вобл., Расія), праведзеныя экспедыцыяй Эрмітажа, навукова даказалі месцазнаходжанне там летапіснай Астрэі. На Пн ад вёскі і Пд ад гарадзішча К. захаваліся 2 курганныя могільнікі (5 і 4 насыпаў).

С.А.Піваварчык.

т. 9, с. 9

КУЛЬМ (Kulm, цяпер Хлумец — Chlumec),

населены пункт у Чэхіі, каля якога 29—30.8.1813 адбылася бітва паміж саюзнай Багемскай арміяй (да 44—50 тыс. рас., прускіх і аўстр. вайскоўцаў, камандуючы ген. М.Б.Барклай дэ Толі) і франц. корпусам пад камандаваннем ген. Д.Вандама (35—37 тыс. чал.) у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). 29 жн. корпус Вандама, які праследаваў Багемскую армію пасля яе паражэння каля Дрэздэна (26—27.8.1813), спынены каля К. рас. ар’ергардам на чале з ген. А.І.Остэрманам-Талстым (12—17,5 тыс. чал., страчана 6 тыс. чал.). 30 жн., падцягнуўшы да К. гал. сілы, саюзнікі разбілі корпус Вандама (забіта і паранена да 10 тыс. франц. вайскоўцаў, 12 тыс., у т. л. Вандам, трапілі ў палон; саюзнікі страцілі каля 3,5 тыс. чал.). Пасля паражэння каля К. армія Напалеона адышла да Лейпцыга (гл. Лейпцыгская бітва 1813).

т. 9, с. 9

КУЛЬМАМЕ́ДАЎ (Аман) (31.12.1908, аул 1-ы Геок-Тэпе Геок-Тэпінскага р-на, Туркменістан — 1977),

туркменскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў Туркм. драм. студыю (1929). Працаваў у Туркм. т-ры драмы імя Маланепеса ў Ашхабадзе (з 1963 гал. рэжысёр і дырэктар). Найб. значныя ролі: Кеймір-Кёр («Кеймір-Кёр» Б.Аманава і К.Бурунава), Махтумкулі («Махтумкулі» Б.Кербабаева), Алан («Сям’я Алана» Г.Мухтарава; Дзярж. прэмія СССР 1951), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага) і інш.

т. 9, с. 9

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),

1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.

2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл. Драматургія музычная).

Літ.:

Яскевіч А. У свеце мастацкага твора. Мн., 1977.

т. 9, с. 9

КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі, праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

КУ́ЛЬНЕЎ (Якаў Пятровіч) (5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.-тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл. Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас. кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.

т. 9, с. 10

КУ́ЛЬСКАЯ ДРАЎНІННАМА́САВАЯ І КАРДО́ННАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала з 1885 ва ўрочышчы Куль на р. Уса Мінскага пав.

(цяпер в. Куль у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла драўнінную масу, паперу, белы, буры і шэры кардон. У 1898 мела 2 паравыя машыны (215 к.с.),

3 паравыя катлы, 3 формы для адліўкі кардону, кацёл для перапрацоўкі драўніны. У 1910 працавала 100 рабочых. Прадукцыя збывалася на папяровыя ф-кі Расіі.

т. 9, с. 10

КУЛЬТ (ад лац. cultus шанаванне),

рэлігійнае служэнне бажаству і звязаныя з гэтым рэліг. абрады. У пераносным сэнсе — празмернае ўзвелічэнне чаго-н. ці каго-н.; сляпое пакланенне каму-н. або чаму-н. Напр., культ асобы, культ рэлігійны, К. «чыстага мастацтва».

т. 9, с. 10