КУЛЬМІНА́ЦЫЯ ў астраноміі, праходжанне свяціла праз нябесны мерыдыян пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы.

Адрозніваюць верхнюю К. (вышыня свяціла найбольшая) і ніжнюю (вышыня найменшая). У Паўн. паўшар’і Зямлі пры верхняй К. свяціла праходзіць паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўдня; пры ніжняй — паміж Паўн. полюсам свету і пунктам Поўначы. Калі абедзве К. назіраюцца над гарызонтам, свяціла наз. незаходным (напр., сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў сярэдніх шыротах Паўн. паўшар’я Зямлі). На полюсах свяцілы рухаюцца паралельна гарызонту і іх вышыня застаецца аднолькавай.

т. 9, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)