КУЛЬМ
(Kulm, цяпер Хлумец — Chlumec),
населены пункт у Чэхіі, каля якога 29—30.8.1813 адбылася бітва паміж саюзнай Багемскай арміяй (да 44—50 тыс. рас., прускіх і аўстр. вайскоўцаў, камандуючы ген. М.Б.Барклай дэ Толі) і франц. корпусам пад камандаваннем ген. Д.Вандама (35—37 тыс. чал.) у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). 29 жн. корпус Вандама, які праследаваў Багемскую армію пасля яе паражэння каля Дрэздэна (26—27.8.1813), спынены каля К. рас. ар’ергардам на чале з ген. А.І.Остэрманам-Талстым (12—17,5 тыс. чал., страчана 6 тыс. чал.). 30 жн., падцягнуўшы да К. гал. сілы, саюзнікі разбілі корпус Вандама (забіта і паранена да 10 тыс. франц. вайскоўцаў, 12 тыс., у т.л. Вандам, трапілі ў палон; саюзнікі страцілі каля 3,5 тыс. чал.). Пасля паражэння каля К. армія Напалеона адышла да Лейпцыга (гл. Лейпцыгская бітва 1813).
т. 9, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)