КУ́ЛЬНЕЎ Якаў Пятровіч
(5.8.1763, Казельскі р-н Калужскай вобл., Расія — 1.8.1812),
расійскі ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1808). Скончыў Пецярбургскі кадэцкі корпус (1785). Удзельнік рус.тур., рус.-швед. і рус.-франц. войнаў канца 18 — пач. 19 ст., задушэння паўстання 1794 (баі каля Ашмян, Ліды, Вільні, Кобрына). У вайну 1812 камандаваў авангардам і ар’ергардам корпуса П.Х.Вітгенштэйна; вытрымаў 8-гадзінны бой з франц. корпусам маршала Ш.Удзіно пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва), 3.7.1812 разбіў каля мяст. Друя (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.) 2 кав. палкі і захапіў амаль увесь абоз французаў. Трапіў у засаду каля в. Баяршчына (гл. Клясціцкія баі 1812), смяротна паранены. Паводле ацэнкі Напалеона I, быў адным з лепшых рас. кав. генералаў. Вёска Царкавішча Расонскага р-на перайменавана ў в. Кульнева, у г.п. Друя пастаўлены помнік.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)