Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНКО́Ў,

горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. 572 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт у вусці р. Ляахэ (Ляадунскі зал. Жоўтага м.). Суднабудаванне, хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст. прам-сць; выплаўка магнію.

т. 7, с. 261

ІНКРУСТА́ЦЫЯ (лац. incrustatio ад incrusto пакрываю чым-н.),

від дэкарыравання вырабаў узорамі ці сюжэтнымі кампазіцыямі з кавалачкаў дрэва, косці, металу, перламутру, якія ўразаюцца ў паверхню вырабаў і адрозніваюцца ад яе колерам ці матэрыялам; творы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Пашырана І. дрэвам па дрэве (інтарсія), металам па метале (насечка), каменем па камені; часта выконваецца інш. матэрыялам, чым матэрыял прадмета, што ўпрыгожваецца. І. выкарыстоўвалі ў скульптуры і рэчах дэкар.-прыкладнога мастацтва Стараж. Усходу і антычнасці, у аздабленні зах.-еўрап. мэблі рэнесансу і барока. На Беларусі ў 12—13 ст. была пашырана І. залатымі і сярэбранымі пласцінамі па жалезе і медзі, косцю па дрэве (наканечнік кап’я 12 ст., інкруставаны серабром, знойдзены на Мінскім замчышчы). Часам насечка спалучалася з чарненнем. У 17—18 ст. І. аздаблялі зброю, мэблю, посуд, літургічнае начынне і інш. Бел. майстры-інкрустатары працавалі ў Маск. дзяржаве пры царскім двары і ў Аружэйнай палаце, дзе выраблялі мэблю, інкруставалі перламутрам ці насякалі золатам і серабром шаблі, мячы, пішчалі і інш. зброю. У 18—19 ст. І. заняпала. Сёння ў тэхніцы І. працуюць некат. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Я.​М.​Сахута.

Куфэрак. Інкрустацыя перламутрам. Карэя. 18—19 ст.

т. 7, с. 261

ІНКРЫМІНАВА́ННЕ (ад лац. in у, унутры + crimen абвінавачанне, віна),

прад’яўленне абвінавачання ва ўчыненні якога-н. злачынства.

т. 7, с. 261

ІНКРЭТО́РНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,

гл. Залозы ўнутранай сакрэцыі.

т. 7, с. 261

ІНКУБА́ТАР (ад лац. incubo, тут — выседжваю птушанят),

апарат (устаноўка) для штучнага вывядзення маладняку с.г. птушак з яец. Размяшчаюць І. ў інкубаторыях (спец. будынках) птушкафабрык і інкубатарна-птушкагадоўчых станцый.

Абсталяваны прыладамі аўтам. падтрымлівання рэжыму інкубацыі: т-ры і адноснай вільготнасці паветра, паветраабмену, паварочвання яец у інкубацыйных латках. Бываюць шафавыя з вонкавым абслугоўваннем (найб. пашыраны) і кабінетныя з унутр. абслугоўваннем, а таксама секцыйныя. Шафавыя І. складаюцца з інкубацыйнага і вываднога агрэгатаў. Свежыя яйцы закладваюцца ў латкі інкубацыйнага агрэгата, дзе праходзяць стадыю інкубацыі (курыныя 21 сут, качыныя і індычыя 28, гусіныя 30, перапёлчыны 17). Пасля яйцы перакладваюцца ў вывадны агрэгат, дзе птушаняты вылупліваюцца. У Еўропе і ЗША І. з’явіліся ў 19 ст., у СССР прамысл. вытв-сць іх пачата ў 1928.

т. 7, с. 261

ІНКУБАЦЫ́ЙНЫ ПЕРЫ́ЯД,

гл Латэнтны перыяд.

т. 7, с. 262

ІНКУБА́ЦЫЯ (ад лац. incubatio выседжванне яец),

1) час развіцця зародка ў яйцы.

2) Штучнае вывядзенне маладняку с.-г. птушкі з яец у інкубатарах, гусеніц з грэны тутавага шаўкапрада ў спец. будынках (інкубаторыях), моладзі рыб з аплодненай ікры ў вадаёмах або рыбаводных (інкубацыйных) апаратах. Пры штучнай І. ствараецца спец. рэжым (т-ра, вільготнасць паветра, асвятленне, вентыляцыя), спрыяльны для развіцця зародка. У птушкагадоўлі вядома з глыбокай старажытнасці, практычна выкарыстоўваюць з канца 19 ст. 3) Скрытае, без знешніх праяўленняў размнажэнне і развіццё ў арганізме хваробатворных мікраарганізмаў; час гэтага працэсу да з’яўлення першых знешніх сімптомаў захворвання наз. інкубацыйным, ці латэнтным, перыядам.

т. 7, с. 262

ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),

друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.

У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн. экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я гглаголіцай і кірыліцай.

І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас. АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Люблинский В.С. Научное значение инкунабулов // Каталог инкунабулов. М.; Л., 1963;

Инвентарь инкунабулов. Вып. 1—5. М., 1939—85.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 7, с. 262

ІНМА́Р,

у удмурцкай міфалогіі вярхоўны бог, дэміург, творца зямной сушы, раслін, жывёл, людзей і ўсяго добрага ў свеце. Супрацьстаіць свайму брату Керамету (Луду, ці шайтану), стваральніку сусв. зла. Жыве на небе. Вернікі моляць яго аб добрым надвор’і і ўраджаі.

т. 7, с. 262

ІНС ((Ince) Томас Харпер) (6.11.1882—19.11.1924),

амерыканскі рэжысёр, прадзюсер. Адзін з заснавальнікаў амер. кінематаграфіі. З 1899 выступаў як танцор, спявак, акцёр. З 1911 рэжысёр у кіно. У 1912 заснаваў фірму «Кей Бі». Упершыню ўвёў сістэму прадзюсераў, «жалезны» сцэнарый (патрабаваў дакладнага выканання пастаноўкі), ствараў цыклы фільмаў з адным акцёрам у гал. ролі (пераважна вестэрны). У 1915 засн. кампанію «Трайэнгл» (з Д.Грыфітам і М.​Сенетам), з 1918 у кампаніі «Арткрафт Парамаўнт». У 1921—24 прадзюсер кінакампаніі «Асашыэйтэд фёрст нэшанал». Сярод фільмаў: «Бітва каля Гетысберга» (1913), «Гнеў багоў» і «Тайфун» (1914, з рэж. Р.​Баркерам), «Італьянец» (1915, з рэж. С.​Сідні), «Цывілізацыя» (1916, з інш. рэж.). Лепшыя карціны вылучаюцца эпічным размахам, масавымі сцэнамі, драматызмам дзеяння, віртуозным мантажом.

т. 7, с. 262